Вторник, 22 апреля 2025

Крокі да кароны беларускай прыгажуні

605

Медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Пружанскай ЦРБ Анастасія Швед здолела пакарыць журы сваёй абаяльнасцю на абласным этапе адборачнага тура «Міс Беларусь — 2025». Многія лічаць, што ў любых спаборніцтвах важная не перамога, а ўдзел. Вось толькі гэта не спрацоўвае на конкурсах прыгажосці. Паверце, кожная дзяўчына, якая прайшла адборачныя туры кастынгу, марыць надзець карону пераможцы і набыць статус самай прыгожай дзяўчыны краіны.

Гэта ўжо другая «спроба пяра» ў жыцці Насці. Пяць год таму, з’яўляючыся першакурсніцай Слонімскага медыцынскага каледжа, дзяўчына прайшла раённы адборачны тур, затым сталічны кастынг сярод фіналістак рэгіянальных адбораў і выйшла ў паўфінал конкурсу.

На той момант ёй было ўсяго 17 гадоў і вытрымаць жорсткі адбор аказалася дастаткова складана. Падобнага вопыту публічных выступленняў у дзяўчыны не было, таму перамагчы хваляванні аказалася зусім няпроста.

— Для юнай дзяўчыны — гэта добрая практыка «выхаду ў свет», калі цябе ацэньваюць не проста сябры і знаёмыя, а прафесіяналы сваёй справы, — разважае ўдзельніца конкурсу. — Часам жорстка крытыкуюць, робяць сур’ёзныя заўвагі, напрыклад, наконт макіяжу, манікюру, асанкі і гэтак далей. Цяпер мне 22, і я вырашыла яшчэ раз паспрабаваць. Зараз крыху прасцей, бо ўжо ведаю, як трымацца на сцэне, на што наогул не звяртаць увагі і як адказваць на пытанні, якія загадзя прыдуманы так, каб вывесці цябе з раўнавагі. Цяпер я дакладна разумею, што ўпэўненасць і спакой — галоўныя спадарожнікі перамогі.

Нумар «27» на абласным этапе адборачнага тура стаў для Насці шчаслівым. Сярод мноства дзяўчат, якія прынялі ўдзел у кастынгу «Міс Беларусь» у Брэсце, дзяўчына з гонарам прадставіла Пружанскі раён. Аддзел культуры райвыканкама выказаў афіцыйную падзяку зямлячцы за паспяховы выхад у фінал. Далей дзяўчыну чакае больш сур’ёзнае выпрабаванне на рэспубліканскім этапе.

Спадзяёмся, што цяперашняя спроба давядзе Анастасію да жаданага п’едэстала.

Дарэчы, у гэтым годзе крыху змяніліся дапушчальныя нормы конкурсу, некаторыя пункты якіх збянтэжылі нашу ўдзельніцу.

Напрыклад, прэтэндэнткам на карону дазволена мець няяркія пірсінг і тату (раней яны поўнасцю былі пад забаронай). Мы так разумеем, арганізатары «крэатывяць»: усё ж дзіўна бачыць дзяўчат у вячэрніх сукенках або ў бікіні з татуіроўкамі на целе. Затое нарошчаныя вейкі і прафесійны манікюр забаронены. Цікавая логіка, але такія правілы, якім трэба падпарадкоўвацца.

З Насцяй мы размаўлялі дастаткова доўга. Яна цікава расказвае пра сваё жыццё, узлёты і падзенні. Падумалася, што гэтыя развагі на парадак вышэйшыя за банальныя размовы многіх яе аднагодак. У дзяўчыны ёсць канкрэтныя мэты, мары, запланаваны шляхі іх рэалізацыі. Яна дакладна ведае, чаго хоча, спрабуе сябе ў розных амплуа і не баіцца заявіць свету пра сябе. Прыемна тое, што конкурс прыгажосці для Насці — не капрызнае жаданне вылучыцца любой цаной, а выдатная магчымасць пераключыцца ад працы, начных змен і штодзённай мітусні.

Пасля заканчэння медыцынскага каледжа яна ўжо трэці год працуе медсястрой у хірургіі. Аддзяленне складанае, патрабуе вялікай адказнасці і аддачы.

Прафесію дзяўчына выбрала ў вельмі юным узросце. Ёй было 16 гадоў, калі на яе вачах пайшоў з жыцця дзядуля. Тады спантанна, але цвёрда вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай, каб заўсёды быць у поўным узбраенні, калі камусьці раптам спатрэбіцца дапамога.

Быў і такі факт у Насціным жыцці, які дазволіў упэўніцца ў правільнасці выбару: яе маладзейшая на 17 гадоў сястрычка з’явілася на свет раней часу, прымусіўшы ўсіх моцна пахвалявацца. Цяпер Эміліі пяць, яна ва ўсім імкнецца быць падобнай на старэйшую сястру і ўжо займаецца ў мадэльнай школе абласнога цэнтра. Так што ў любым выпадку працяг будзе…

Яшчэ адзін цікавы факт: сур’ёзная перавага сярод пераможцаў нацыянальнага конкурсу прыгажосці застаецца за брунеткамі. 9 з 13 першых прыгажунь краіны маюць цёмныя локаны. Так што ў Насці з‘яўляецца дадатковы «плюсік».

Пажадаем прадстаўніцы нашага раёна поспеху ў фінале конкурсу, а таксама новых здзяйсненняў і перамог!

Ірына Велясевіч. Фота з асабістага архіва Анастасіі Швед