Пятница, 5 декабря 2025

«Крок да даўгалецця» зрабілі пружанскія аматары скандынаўскай хадзьбы

654

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» прынялі ўдзел у трэцім рэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзьбе «Крок да даўгалецця».

Удзельнікамі сталі амаль 30 чалавек, старэйшых за 60 гадоў. Самым пажылым удзельнікам падзеі сярод мужчын быў Уладзімір Чакашоў, якому 87 гадоў. А самай узроставай ўдзельніцай сярод жанчын — 96-гадовая Галіна Немцава, якая, як аказалася пазней, стала і самай старэйшай удзельніцай марафону ва ўсёй рэспубліцы.

— Даўно займаюся скандынаўскай хадзьбой. Спецыяльныя палкі для дадзенай фізічнай актыўнасці з’явіліся ў мяне яшчэ каля 20 гадоў таму, з таго часу я з імі неразлучная, — з усмешкай кажа Галіна Канстанцінаўна.

Мерапрыемства пачалося з размінкі, дзе кожны атрымаў зарад бадзёрасці, якая была неабходна ім падчас самога марафону. Падзея доўжылася каля гадзіны, а кожны яе ўдзельнік меў магчымасць прадэманстраваць сваю фізічную форму і прайсці скандынаўскай хадзьбой немалы маршрут па гарадскім парку.

Вынікі марафону падвяла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Марына Кавальчук.

— Наведвальнікі нашага аддзялення ўжо ў трэці раз прынялі ўдзел у рэспубліканскім марафоне. У гэтым гуртку сабраліся людзі, якія хочуць весці актыўны лад жыцця, і ў іх гэта выдатна атрымліваецца. Сёння яны прадэманстравалі, што ўзрост — гэта ўсяго толькі лічбы.

Жадаем нашым актыўным людзям «залатога ўзросту» і далей падтрымліваць сябе ў форме і заставацца здаровымі.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік