Народная мудрасць сведчыць: «Вочы баяцца — рукі робяць». Па такім прынцыпе жыве і працуе вядомы на Пружаншчыне майстар Віталь Шмыгоўскі. Яго работы здзіўляюць не толькі складанасцю і разнастайнасцю формаў, але і неверагоднай прыгажосцю. На сустрэчу з умельцам мы накіраваліся ў аг. Харава, каб усё ўбачыць на свае вочы.
Утульны зялёны дворык, які тоне ў кветках, пах скошанага сена, хатні любімец Тузік і на кожным кроку за табой сочаць кошкі — вось такая ідылія вясковага жыцця пачынаецца адразу з варот сям’і Шмыгоўскіх. Ветлівыя гаспадары мяне праводзілі ў дваровую майстэрню, дзе кожны дзень Віталь карпатліва працуе над сваімі вырабамі.
Прыехаў ён са сваёй жонкай Ларысай у Беларусь з г. Ратна, Ковельскага раёна ў далёкім 98-м годзе. Пасля знаёмства з месным каларытам і добрымі перспектывамі ў маладой пары не засталося сумненняў, што менавіта тут усё атрымаецца, і ў хуткім часе муж і жонка пераехалі сюды назаўжды. І вось ужо 26 гадоў яны жывуць і працуюць на Пружанскай зямлі.
— Мы адразу спыніліся ў Хараве, купілі тут невялікую хату, пасадзілі сад, каб укараніцца, і паціху пачалі абжывацца. Ларыса вядзе хатнюю гаспадарку, садзіць агародніну, ладзіць жаночыя справы, а я займаюся лазапляценнем, якое і стала справай усяго жыцця. Гэта і задавальненне, і адначасова заробак, — падкрэслівае майстар. — Калі ўсё спалучаецца, тады і справа спорыцца, галава не баліць. Я афіцыйна аформлены як рамеснік, таму ў творчых колах мяне даўно ведаюць, а мае вырабы за гэты час разляцеліся па ўсіх кутках Беларусі, ёсць і за яе межамі.
Рамяство лазапляцення перадалося Віталю ад яго бацькі. Яшчэ ў дзяцінстве ён бачыў, як з лёгкасцю тата пляце кошыкі і іншыя прылады, таму і жаданне навучыцца перамагло іншыя інтарэсы. Спатрэбіўся ўсяго тыдзень, каб засвоіць асноўныя правілы пляцення, потым пачалася практыка і штодзённая праца. Будучы майстар настолькі захапіўся рамяством, што вырашыў пайсці далей, і неўзабаве заняўся вырабам мэблі з лазы.
— Першы выраб, крэсла-качалка, як цяпер памятаю, я зрабіў прыкладна за тыдзень. Купіў яго ваенны лётчык з Новых Засімавічаў, дзе стаяла верталётная база. Ён настолькі застаўся задаволены пакупкай, што гаворка пра мае справы хутка разляцелася па наваколлі, і заказы пасыпаліся адзін за адным. Тады я зразумеў, што трэба рухацца ў гэтым накірунку, і не памыліўся, — з вялікім натхненнем кажа Віталь.
Выраб плеценай мэблі — складаны і працаёмкі працэс, аднак яго тэхналогія адпрацавана да аўтаматызму. На ўсю Беларусь усяго шэсць такіх умельцаў, і ў кожнага свае прыёмы пляцення. Хтосьці працуе з цэлымі прутамі або з іх палоўкамі, у нашага майстра — апрацоўчы спосаб пляцення. Спачатку ідзе нарыхтоўка матэрыялу, потым сушка, затым на станках лаза распускаецца на тонкія стужкі, пасля прапарваецца для гнуткасці, і толькі пасля ўсяго пералічанага з ёй можна працаваць. Пасля зборкі канструкцыі робіцца апляценне, затым шліфоўка і пакрыццё лакам, пры гэтым вырабы застаюцца лёгкімі і трывалымі. Здаецца, работы не пералічыць, але майстар з такім трапятаннем гаворыць аб гэтым, што становіцца зразумела — перад намі прафесіянал з вялікай літары.
— Аматары плеценай мэблі заказваюць цэлыя наборы: сталы, крэслы, зэдлікі, канапы. Вялікім попытам, вядома, карыстаюцца крэслы-качалкі, яны і для дачы, і для гасцінай падыходзяць, і для мансарды бяруць. Зручна, прыгожа, а галоўнае — якасна. Мяне з жонкай запрашаюць на розныя кірмашы, фестывалі, мы ўжо аб’ехалі ўсю Беларусь. Мае работы знаходзяцца ў Мотальскім музеі, плецены зубр у Віцебску, як інсталяцыя на «Славянскім базары», у Оршы, Брэсце, на выставе «БелЭкспа» ў Мінску, і нават ёсць у нашага Прэзідэнта, — усміхаецца майстар. — Калі адчынялі Лядовы палац у Пружанах, Аляксандр Рыгоравіч убачыў у раздзявалцы крэсла-качалку, і яму яе проста падарылі. Так выпадкова атрымалася, што ў Кіраўніка дзяржавы таксама ёсць мой выраб, што вельмі прыемна.
Ва ўсіх справах умельца заўсёды падтрымлівае жонка. Яна не толькі вядзе хатнюю гаспадарку, але і навучылася ўмела спраўляцца з матэрыялам. Работу над буйнымі заказамі адразу дзеляць на дваіх. Ларыса дапамагае мужу з нарыхтоўкай, шліфоўкай, пакрыццём лакам і нават аплятае вырабы. У планах сям’і Шмыгоўскіх у бліжэйшы час зрабіць стацыянарную майстэрню, узвесці сцены, правесці ацяпленне, паставіць станкі, каб зручна было працаваць і ўсё неабходнае знаходзілася ў адным месцы. А яшчэ зрабіць крэсла-кокан на канатах з мяккім укладышам для сядзення. Зараз гэта вельмі запатрабавана, таму ісці ў нагу з часам проста неабходна. Пакараць новыя вяршыні ніколі не позна, галоўнае, са знакам якасці — «Зроблена рукамі прафесійнага майстра».
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара