У Пружанах жыве сямейная пара: Вячаслаў Антонавіч і Зоя Мікалаеўна Віркевічы. Тэрыторыя вакол іх дома мае сваю адметнасць. Тут размешчаны разнастайныя архітэктурныя формы, вырабленыя рукамі гаспадара.

— Займаюся гэтай справай ужо дванаццаць гадоў, з таго часу, калі атрымаў групу па інваліднасці, — кажа Вячаслаў Антонавіч. — Пачынаў з вырабу фігурак буслоў.

Спачатку майстар робіць з дапамогай зварачнага апарата каркас будучай фігуры. А потым з дапамогай тынкавальна-клеевага раствору ствараецца вобраз. Апошнія штрыхі наносіць Зоя Мікалаеўна, якая фарбуе атрыманыя фігуры.
На падворку Віркевічаў размешчаны фігуры аленя, Машы і Мядзведзя, рысі, дзяўчыны з кошыкам. Прадстаўлены тут і птушкі: лебедзі, буслы, галубы. Ёсць тут і вавёркі.

А ўваход у дом ахоўвае мартышка ў марской форме.

Скульптуры Вячаслаў Антонавіч вырабляе ў асноўным для ўласнага карыстання, а часам дорыць сваім знаёмым.
Мікалай Архуцік, фота Сяргея Талашкевіча