Суббота, 15 марта 2025

Красавік. Сабралі актуальныя парады для дачнікаў і агароднікаў

828

Вось і скончыўся перыяд адноснага адпачынку агароднікаў. Красавік – самы час актыўна брацца за справы. Якія работы і як правільна правесці ў гэтым месяцы, расказвае лабарант прышкольнага ўчастка СШ №1 г.Пружаны, аграном па спецыяльнасці, Ірына Кашуба.


Наогул красавік — даволі складаны месяц у плане надвор’я. Таму няма нейкіх універсальных парад па датах: давядзецца сачыць за тэмпературай паветра. Галоўнае ў гэты час – падрыхтаваць глебу.

Калі вы не ўнеслі ўгнаенні восенню (а гэта найлепшы час) – абавязкова зрабіце гэта ў красавіку. Падыдуць любыя мінеральныя ўгнаенні, а вось перагноем лепш не захапляцца, не ўсе расліны аднолькава добра яго пераносяць.


З апрацоўкай участка зацягваць не варта. Выраўноўванне ўзараных або перакапаных дзялянак, каб «закрыць» назапашаную ў глебе вільгаць, неабходна пачынаць як толькі сышоў снег і ворны пласт адтаў.


У гэты час раскрываюць усё, што было схавана на зіму. У суніц падразаюць вусы і прыбіраюць сухое лісце.


Можна накрыць плёнкай канструкцыі парнікоў. Дзён праз дзесяць, калі глеба добра прагрэецца знутры, унясіце ў самы верхні пласт мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, пасля чаго злёгку перакапайце, ушчыльніце дошкай. Зямля для сяўбы радыскі, зеляніны, цыбулі гатовая.


У канцы красавіка (у залежнасці ад умоў надвор’я і адноснай стабілізацыі плюсавай тэмпературы) можна прыступіць да высявання ў адкрыты грунт холадаўстойлівых культур — радыскі, рэдзькі, шпінату, морквы, буракоў, рэпы, цыбулі, бабоў, салаты, яравога часнаку. Іх насенне здольнае прарастаць пры тэмпературы глебы +3°С, а ўсходы могуць вытрымаць кароткачасовыя і нямоцныя замаразкі да -5°С.


Таксама ў канцы месяца можна высадзіць ранняспелую бульбу і пасеяць пад плёнку насенне капусты сярэдняспелых гатункаў. Што тычыцца бульбы, то перад пасадкай яе рэкамендуецца падрыхтаваць: дастаць са склепа, перабраць, выкінуць пашкоджаныя клубні. Калі знікне пагроза замаразкаў, трэба вынесці ў светлае месца для яравізацыі. Дачакацца, пакуль клубні пазелянеюць, і перанесці ў цёплае месца, каб прараслі. Невялікую колькасць можна пасадзіць пад плёнку, каб хутчэй пачаставацца “маладой” бульбай.

У красавіку смела можна высаджваць на расаду аксаміткі, астры, вяргіні, цыніі. Гэтым кветкам трэба многа сонца, таму калі ў вас няма падаконніка на сонечным баку, то давядзецца “дасвечваць” расліны.
А высаджаныя раней на расаду расліны пара пікіраваць.

Пасля 20-х чыслаў красавіка рэкамендуецца высадка гладыёлусаў на глыбіню 10 см.

На здымку: Ірына Кашуба за пікіроўкай петуній. Дарэчы, у школе вырошчваецца шмат агародніны для ўласных патрэб, а кветкі нават упрыгожваюць гарадскія клумбы.
Кацярына Пашкевіч. Фота Кацярыны Масік.