Вясна радуе карэспандэнтаў «раёнкі» інфармацыйнымі нагодамі, мерапрыемствамі, сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Многія з матэрыялаў друкаванай версіі нашага выдання можна знайсці на budni.by, працуюць і іншыя рэсурсы. Што ж выклікала найбольшую цікавасць у красавіку?
На пятым месцы своеасаблівага ТОПа нашага сайта — апытанне да Сусветнага Дня кнігі, у якім пружанцы расказвалі пра свае любімыя літаратурныя творы. Нягледзячы на тое, што матэрыял быў размешчаны напрыканцы мінулага месяца, ён – у ліку лідараў. На чацвёртым радку — аповед пра ветэрана МНС Уладзіміра Фралова. Было цікава нашым чытачам даведацца і пра тое, якія арганізацыі і працаўнікі сельгасгаліны раёна адзначаны па выніках абласнога спаборніцтва жывёлаводаў за 2021 год – гэты матэрыял заняў трэцяе месца. На другім месцы — інфармацыя пра неабыякавых пружанскіх медыкаў, якія аказалі дапамогу бежанцам з Украіны.
Нарэшце, абсалютным лідарам стаў матэрыял пра вадзіцеля таксі Ірыну. Ён жа сабраў найбольшую колькасць «падабаек», а таксама шэраг добрых і ўдзячных каментарыяў у групе «УКантакце».
У «Аднакласніках» у лідарах таксама аўтамабіль, а дакладней, рэпартаж з Сухопальскай амбулаторыі агульнай практыкі, дзе дзякуючы дапамозе мясцовых гаспадарак з’явіўся новы аўтамабіль «хуткай дапамогі». Падпісчыкі нашай старонкі ў Facebook захапіліся майстэрствам ганчара Генадзя Міранюка.
Пераходзім да месенджараў. Многа «падабаек» сабралі фотаздымкі чытачоў, датаваныя 2 красавіка. Калі памятаеце, наш раён у той дзень накрыў снежны цыклон. Аднак самым папулярным стала віншаванне з праваслаўным Вялікаднем, якое суправаджалася фотаздымкам прыгожых вырабаў кандытарскага цэху райспажыўтаварыства. Больш за 700 праглядаў на канале Budni.by y Telegram — у паста з адкрыцця помніка ракетчыкам.
Тры відэарэпартажы выйшла ў красавіку на нашым YouTube-канале https://www.youtube.com/c/Раённыябудні. Самым папулярным стаў ролік з кандытарскага цэху райспажыўтаварыства. Упершыню за гісторыю канала ўсяго за некалькі дзён ён перасягнуў мяжу ў тысячу праглядаў!
Сачыце за нашымі электроннымі рэсурсамі, наперадзе – многа новага і цікавага.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла