Пачну гэтую гісторыю без усялякіх лірычных адступленняў. На самай справе і лірычнага ў ёй мала. У лютым пружанец Максім Аляксееў зняў з дрэва ля магазіна “Верас” кошку, якую заўважыў дзякуючы таму, што на яе брахаў сабака.
Кошка, а дакладней, яшчэ кацяня, не рухала заднімі лапкамі. Пакінуць яе на двары Максім (які да гэтага часу ні ў якіх “выратавальных” аперацыях не ўдзельнічаў) не змог. Неабыякавы мужчына адразу ж звярнуўся па парады ў сацыяльныя сеткі і ўжо раніцай панёс сваю знаходку на ветэрынарную станцыю да доктара Алены Астудзінай (менавіта яе раілі гаспадары хатніх жывёл). Алена Міраславаўна знайшла рану, апрацавала яе і назначыла лячэнне, а ў дадатак параіла адвезці кацяня ў Брэст на рэнтген. Не ведаю, ці верыла яна ў тое, што з бадзяжнай кошкай будзе няньчыцца выпадковы выратавальнік, тым не менш яшчэ праз дзень Максім з братам узялі курс на абласны цэнтр.
Доктара выбралі зноў жа па водгуках у інтэрнэце. Андрэй Георгіевіч Лакатун пасля рэнтгену быў уражаны не менш, чым новаспечаны гаспадар: на здымку добра была бачна пуля ад пнеўматычнай зброі (да гэтага часу ўсе думалі, што кошку траўмаваў сабака). Доктар прапанаваў аперацыю, Максім пагадзіўся. Не збянтэжыла мужчыну ні тое, што знаёмы ён быў з кошкай усяго некалькі сутак, ні тое, што доктар не даваў ніякіх гарантый, і нават не кошт працэдуры.
— Адразу скажу, што ўсе грошы за аперацыю, дарогу ў Брэст і лячэнне, мне вярнулі вельмі добрыя людзі – пружанцы, — узгадвае тыя няпростыя дні Максім. – Хоць я і ўзяўся за справу сам, матэрыяльная дапамога не была лішняй (толькі за візіт у брэсцкую клініку давялося заплаціць каля 150 рублёў— Заўв. рэдакцыі).
— Амаль пра кожны свой крок я пісаў у інтэрнэце, бо проста не ведаў, што рабіць, а справу, за якую ўзяўся, неабходна было давесці да канца. Пасля аднаго з пастоў мяне нават знайшлі міліцыянеры. На жаль, злачынца, які пакалечыў бездапаможнае кацяня, так і застаўся невядомым.
Два месяцы Максім і яго сям’я лячылі прыгажуню Манрошку. Умелыя рукі дактароў і бязмежная любоў Аляксеевых паставілі кошку на ўсе чатыры лапы! Развітвацца з новай гадаванкай не хацелася, але супраць выступілі гаспадарскія кошкі (дзве ў сям’і Максіма і дзве ў яго бацькоў)… Адметна, што пакуль Манрошка была вельмі слабая, яны яе не крыўдзілі, а чым рухомей станавілася, тым большай станавілася іх рэўнасць.
Максім зняў некалькі відэаролікаў, расказаў гісторыю выратавання, папярэдзіў пра ўсе асаб-лівасці Манрошкі і зноў звярнуўся па дапамогу інтэрнэту. Асаблівая прыгажуня хутка пакарыла сэрца сямейнай пары з Брэста. Цяпер яна асвойвае новае жытло, а новыя гаспадары клічуць яе ў гонар знакамітай актрысы проста Манро.
Кацярына Пашкевіч.