Суббота, 13 декабря 2025

Край самабытных майстроў

540

Рамесныя традыцыі аграгарадка Клепачы не перастаюць здзіўляць. Кожная новая сустрэча з самабытным майстрам настолькі ўражвае, што самому хочацца паспрабаваць нешта зрабіць сваімі рукамі.

Ва ўтульных пасёлках, удалечыні ад гарадской мітусні, дзе час цячэ мерна, а прырода дорыць натхненне, жыве дзіўная майстрыха —Ірына Чарапенька. Яе рукі робяць цуды, ператвараючы звычайную шчыльную ўпаковачную стужку ў прыгожыя кошыкі. Азарэнне на Ірыну сышло перад самым Новым годам, калі захацелася зрабіць падарункі ўнукам, а іх у яе восем, не проста ў пакетах, а ў прыгожых кошыках. Так новы від творчасці ўвайшоў у яе жыццё.

— Пачалося ўсё вельмі банальна, калі я ляжала ў бальніцы. Тады быў сапраўдны бум вырабаў з сістэм ад кропельніцы. Трубачкі лёгка гнуліся, і тады я зрабіла некалькі бірулек, цацак, так і пайшло. Пасля паездкі на мора прывезла ракавінак розных формаў і пачала рабіць фігуркі, шкатулкі, біжутэрыю. Пазней сама пачала з лазы плесці кошыкі. Калі падрасталі ўнукі, замест звычайных цацак, захацелася з пенапласту зрабіць бусла, медзведзяня, Дзеда Мароза. Фантазія ўжо пачала працаваць, а яшчэ калі атрымліваецца, падаграваецца цікавасць і хочацца спрабаваць яшчэ і яшчэ, — расказвае майстрыха.

Па-сапраўднаму ручным рамяством Ірына Канстанцінаўна пачала займацца ўжо на пенсіі, калі з’явілася больш вольнага часу. 46 гадоў працоўнага стажу прысвяціла рабоце на зямлі. Спачатку працавала ў саўгасе «Савецкі» брыгадзірам, потым у службе забеспячэння, затым галоўным аграномам, а апошнія 17 гадоў — начальнікам саду. Пра гэты цудоўны час гаворыць з трапятаннем і цяплом. Яна проста растваралася ў любімай працы, пачынаючы ад пасадкі саджанцаў, заканчваючы зборам ураджаю, і з часам пераманіла да сябе дачку Таццяну, якая спачатку працавала аграномам-садаводам, а пазней замяніла маці на пасадзе кіраўніка.

Гэтак жа атрымалася і ў творчасці. Традыцыі сям’і працягнуліся ў наступным пакаленні. Таццяна з дзяцінства назірала за работай маці і ўвабрала любоў да ручной справы. Сёння яна стварае цудоўныя кашпо з ратанга, спалучаючы ў іх эстэтыку і функцыянальнасць, а звычайныя рэчы ў яе руках ператвараюцца ў сапраўдныя творы мастацтва.

— Лаза як жывая. Яна расказвае цэлую гісторыю праз кожны завіток. Калі пачынаеш працаваць, спыніцца ўжо немагчыма, — гаворыць майстрыха. — Калі я ствараю нешта сваімі рукамі, то думаю аб тым, хто гэта атрымае, і імкнуся ўкласці ў працу часцінку свайго цяпла. Мама навучыла мяне адчуваць матэрыял. Ратанг гнуткі, але капрызны, з ім трэба знайсці агульную мову, тады ён паддаецца любым жаданням. Хочацца, каб расліны жылі ў прыгожым «адзенні». Кашпо — як ювелірная аправа для каштоўнасці — падкрэслівае Таццяна.

Нягледзячы на розніцу ў стылях, маці і дачка часта працуюць разам. Ірына дапамагае дачцэ парадамі па апрацоўцы матэрыялу, а тая, натхняючыся смелымі ідэямі, дадае ў свае кошыкі новыя формы і дэталі. Іх галоўны сакрэт — уменне знаходзіць прыгажосць у дробязях. Дзякуючы карпатлівай працы, нават просты кошык для хлеба ці кашпо для кактуса становяцца сапраўднымі шэдэўрамі, а ручная работа вучыць цярпенню. Іх дом напоўнены вырабамі, створанымі сэрцам і душой, а кожная рэч нясе ў сабе гісторыю, да якой хочацца дакрануцца рукамі.

Гэта добры прыклад сям’і, дзе творчасць стала мастом паміж пакаленнямі. Іх работы нібыта нагадваюць, што самыя каштоўныя рэчы ствараюцца не на канвееры, а светлымі думкамі і добрымі справамі. І пакуль у Клепачах гучыць шолах лазы і ратанга, іх традыцыі будуць жыць, захоўваючы спадчыну роднага краю.Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік