«Пружанскі малочны камбінат» выйшаў у фінал рэспубліканскага конкурсу сцэнічнага мастацтва «MILK FEST — 2022» сярод спецыялістаў малочнай галіны.
У маштабным праекце, які ладзіцца ўжо ў другі раз, прадпрыемства сёлета дэбютуе. Прадстаўляе на ім пружанскую «малочку» вядучы інжынер па якасці Наталля Феранец.
Каб трапіць у фінал праекта, удзельнікам трэба было запісаць відэа. У ім — прадставіць сябе, сваё прадпрыемства, перадаць любоў да прафесіі.
Наталля Феранец і яе каманда падышлі да задання творча: запісалі песню «Краіна малака» — кавер на папулярны зараз трэк Тома Уолкера «Something Beautiful» — і знялі кліп.
І гэта трэба пачуць і ўбачыць! Усё таму, што кліп прасякнуты нацыянальным каларытам, пры гэтым камбінат і яго прадукцыя не засталіся па-за ўвагай. Наталля акунулася ў дзіцячыя ўспаміны, прывяла гледачоў у дом бабулі, ролю якой, дарэчы, выканала кіраўнік народнага ансамбля танца «Спадчына» Валянціна Іскаліева. Паўстала работнік камбіната і ў іншых вобразах. Дапамагалі ў здымках калегі, сябры і не толькі. Відэа змагло пераканаць і гледачоў, і журы ў тым, што малако — наш нацыянальны брэнд, а Беларусь па праве можна называць малочнай краінай. Яшчэ не глядзелі? Тады шукайце кліп на YouTube-канале «ОАО «Пружанский молочный комбинат» ці на нашым сайце.

Многа добрых слоў у адрас кліпа і малочнага вытворцы з Пружан выказала аўтарытэтнае журы. Так, мастацкі кіраўнік — саліст заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля музыкі «Свята» Вячаслаў Статкевіч адзначыў, што кліп пружанцаў крануў яго сэрца. «Гэта проста цуд нейкі! Здаецца, краіна спявала ў гэтым валошкавым вянку! Так хочацца прыехаць да вас у госці!» — сказаў Вячаслаў.
У свой асабісты ТОП паставілі «Пружанскі малочны камбінат» і іншыя члены журы. Заслужаны артыст Беларусі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркеста Дзмітрый Качароўскі падкрэсліў, што яму як артысту вельмі прыемна, што Наталля беражліва аднеслася да музыкі і тэксту, цудоўна выканала песню. Рэжысёр і магістр мастацтвазнаўства Іван Давыдзенка вылучыў тое, што ў кліпе да самых нязначных дэталяў прадумана рэжысура, а кожны элемент аказаўся вельмі дарэчным.
Такім чынам, «Пружанскі малочны камбінат» на першым месцы па выніках адбору, а значыць, у фінале. Але расслабляцца рана: канкурэнты вельмі моцныя. Нумары для ўдзелу ў «MILK FEST — 2022» падалі 12 прадпрыемстваў. Конкурсных месцаў было ўсяго тры, але журы вырашыла пашырыць спіс фіналістаў да пяці ўдзельнікаў. Сам фінал «MILK FEST — 2022» адбудзецца ў сталіцы ўжо 26 кастрычніка.
Жадаем «Пружанскаму малочнаму камбінату» цікавых ідэй і іх рэалізацыі. Трымаем за вас кулачкі і чакаем пераможных навін!
Уладзіслаў Шпарла. Фота з асабістага архіву Наталлі Феранец