Понедельник, 2 декабря 2024

Крадзяжы з працоўных месцаў учынілі жыхары раёна. Адказнасць — крымінальная

498

Мінулі тыя часы, калі на прадпрыемствах і ў арганізацыях пры падліку матэрыяльных рэсурсаў выкарыстоўваліся тэрміны накшталт «утруска» ці «ўсушка», на якія і спісвалі нястачу. Цяпер жа ў эканоміцы вядзецца строгая справаздачнасць, калі расход рэсурсаў дасканала кантралюецца. Таму і дробныя крадзяжы хутка становяцца бачнымі, а іх «аўтары» — персанажамі крымінальных спраў.

Дзве з такіх гісторый былі разгледжаны на пачатку жніўня судом раёна. Выязное пасяджэнне па першай адбылося ў клубе в. Сланімцы, падчас якога быў разгледжаны ўчынак 62-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў жывёлаводам у ААТ «Пружанскае». Як было ўстаноўлена следствам, фігурант крымінальнай справы ўкраў з аб’екта гаспадаркі два мяшкі з кармавымі дабаўкамі на агульную суму больш за 400 рублёў. Грамадзянін афіцыйна атрымаў сыравіну на складзе, але да месца прызначэння даставіў не ўсё: два мяшкі ён перакінуў за агароджу і пасля работы забраў з сабой.

Пракуратура раёна падтрымала абвінавачванне, і судом мужчыне было прысуджана пакаранне па ч.1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у выглядзе грамадскіх работ на тэрмін 360 гадзін. У дадатак былі ўлічаны лад жыцця падсуднага і яго сацыяльныя паводзіны, з улікам чаго грамадзянін накіраваны на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

У другім выпадку, калі пракуратура раёна таксама падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне, фігурантам крымінальнай справы стаў гараджанін, які працаваў у адной з будаўнічых арганізацый Пружан. «Работнік», які быў механікам, учыніў злачынства па ч.1 арт. 210 КК РБ (прысваенне маёмасці пры выкананні сваіх службовых абавязкаў). Як высветліла следства, мужчына, выконваючы гаспадарчыя абавязкі, у перыяд з красавіка па верасень 2022 года ўносіў у справаздачныя дакументы лжывую інфармацыю, дзякуючы чаму ўкраў 335 літраў дызельнага паліва на агульную суму амаль 800 рублёў. За ўчыненае злачынства грамадзянін быў прыгавораны судом раёна да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, але з пазбаўленнем права займаць гаспадарчыя пасады. У дадатак падсудны быў аштрафаваны на суму 3700 рублёў.
У абодвух выпадках прыгаворы яшчэ не ўступілі ў законную сілу і могуць быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Аляксандр Вярбіцкі, пракурор раёна