
Вялікая дэлегацыя Брэсцкай вобласці, у склад якой уваходзілі і прадстаўнікі Пружанскага раёна, прыняла ўдзел у марафоне рэспубліканскага праекта «Кожны трэці», які адбыўся ў Мінску ў Палацы Рэспублікі.
Больш за 2,5 тысячы гледачоў з першага рэгіёну сталі сведкамі і ўдзельнікамі канцэрта-рэквіема, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Дэлегацыю ад Брэстчыны ўзначальваў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук. У мерапрыемстве таксама прыняў удзел памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
У холе Палаца Рэспублікі нас сустракалі хлопцы ў ваеннай форме. Мелася магчымасць агледзець розныя выставы, якія тычыліся гераічнага мінулага Брэсцкага рэгіёна. Папулярнай была інсталяцыя ў мініяцюры славутай зоркі Брэсцкай крэпасці.
Сам канцэрт прайшоў, як нацягнуты нерв. Бо за некалькі гадзін яго арганізатары змаглі паказаць гераізм нашага народа, яго стойкасць і непакоранасць. Якія пачварныя метады прымянялі фашысты і іх прыхвасні, каб знішчыць саміх беларусаў і ўсіх тых, хто пражываў на нашай тэрыторыі.
На памяць прыходзяць радкі песні ансамбля «Песняры»: «Каждый четвертый из белорусов, каждый четвертый пал на войне». Дык вось, па звестках генеральнай пракуратуры, якая ініцыявала расследаванне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў забіты ці закатаваны гітлераўцамі кожны трэці. Брацкія пахаванні знаходзяцца ва ўсіх куточках Беларусі. Праз увесь канцэрт праходзілі радкі: «кожны чацвёрты» з папраўкай «на кожны трэці».
Зоркі беларускай эстрады Вікторыя Алешка, Аляксандра Гайдук, Ганна Благава, Жанэт, артысты тэатра і кіно змаглі данесці да кожнага, хто прысутнічаў у вялікай зале Палаца Рэспублікі, думку: наш народ перамагчы немагчыма. На барацьбу з захопнікамі стаў і стары, і малы. Такіх людзей пакарыць і зрабіць рабамі немагчыма.
Як расказаў у інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі Вадзім Краўчук, Брэсцкай вобласці выпаў вялікі гонар стаць першай удзельніцай праекту «Кожны трэці». «Кіраўнік дзяржавы надае вялікую ўвагу гістарычнай памяці і гістарычнай праўдзе. Хутка мы адзначым 80-годдзе Вялікай Перамогі, — сказаў Вадзім Васільевіч. — У нашай краіне няма ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад вайны. У Брэсцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны было спалена 877 вёсак, з якіх 91 населены пункт, на жаль, не быў адноўлены. Брэсцкі аблвыканкам разам з рэдакцыяй газеты «Заря» і абласной пракуратурай выпусцілі ў свет кнігу «Забыцця не будзе. Брэсцкія сёстры Хатыні». Дзе паказана жыццё вёсак, якіх ужо няма на карце — яны знішчаны фашыстамі, расказана аб іх жыхарах. Такі праект, як «Кожны трэці», дазваляе нам выхоўваць моладзь і пераконвае, што нашу гісторыю перапісаць немагчыма. Яе нельга забываць, а памяць мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне».
Пасля канцэрта пружанцы дзяліліся ўражаннямі. Ніхто не застаўся раўнадушным, усе пранікліся ўбачаным да глыбіні душы. Гэта вельмі важна, бо ў складзе дэлегацыі было шмат моладзі — навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, члены маладзёжнага парламенту. Ім будаваць будучыню, ім берагчы памяць.
Віктар Ільюшчанка