Воскресенье, 13 октября 2024

Коронавирус против кофейни. Кто кого?

1 371

Псіхолаг па адукацыі Наталля Шчаглова ніколі не марыла стаць прадпрымальніцай, а вось зрабіць нешта, каб жыццё пружанцаў стала больш камфортным і нават культурным, хацелася даўно. Падчас работы ў школе ў 2014-2016 гадах жаданне пачало набываць пэўныя абрысы.


— Я назірала за старшакласнікамі і бачыла, што для падлеткаў 14-18 гадоў зусім няма месца для адпачынку, дзе яны б маглі бавіць час за кубачкам кавы ці чаю. Ва ўсіх падобных установах горада прадаецца алкаголь, а мне хацелася, каб дзеці былі абаронены ад гэтага.
Ідэю адкрыцця кавярні Наталля Аркадзьеўна выношвала доўга. Але, калі ты нечага па-сапраўднаму хочаш, здаецца, увесь сусвет пачынае табе дапамагаць. Кожная сустрэча з сяброўкамі заканчвалася размовамі пра кавярню. Падчас адной з такіх сустрэч і было вырашана: хопіць размоў, прыйшоў час дзейнічаць. Адна з сябровак падказала бясплатныя прадпрымальніцкія курсы ад цэнтра занятасці, у самім цэнтры расказалі і пра магчымасць атрымаць субсідыю. Справа зрушылася з месца.

Жаданне было вельмі вялікім, а вось вопыту пачынаючай бізнесвумен не хапала. Зусім не прагматык, а чыстай вады рамантык, Наталля першапачаткова не ацаніла стан памяшкання: запланаваныя на ўладкаванне кухні грошы поўнасцю пайшлі на рамонт. Не атрымалася аформіць кавярню, як хацелася, у стылі лофт. Адразу ж давялося спасцігаць асновы не толькі бізнесу, але і дызайну, бо ўсё рабілася ўласнымі сіламі. Але нарэшце 16 студзеня ў горадзе з’явілася кавярня “Green coffee”.

— Мне здавалася, што мая мара ажыццявілася. У кавярні прызначалі спатканні, моладзь прыходзіла, каб папрацаваць з ноўтбукамі ці планшэтамі, многія сем’і з дзецьмі завітвалі да нас у выхадныя. Давялося сутыкнуцца і з заўвагамі: нехта крытыкаваў наш сціплы інтэр’ер, некаторым не хапала разна-стайнасці ў меню. Усё, што было ў нашых сілах, мы мянялі пад патрэбы кліентаў. Напрыклад, па іх парадзе змянілі музычны рэпертуар (раней у кавярні гучала радыё, а цяпер — лаунж). Планавалі, што ў хуткім часе заробім грошы і зможам парадаваць наведвальнікаў уласнай выпечкай. Але… У канцы сакавіка паток кліентаў прыкметна зменшыўся.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай у складаным становішчы апынуліся многія сталічныя ўстановы, што тады і казаць пра невялічкую правінцыйную кавярню… Але Наталля Аркадзьеўна не апускае рукі.
— У нас ёсць антысептыкі, столікі стаяць даволі далёка адзін ад другога, барыста таксама знаходзіцца за шырокай барнай стойкай. Усе меры бяспекі выконваюцца. Я падлічыла, што 30 наведвальнікаў у дзень — і мы зможам трымацца на плыву. Але і такой колькасці мы сёння не дасягаем. Калі б вы задалі пытанне пра планы на будучыню раней, адказ быў бы грунтоўным. – Цяпер бы я не спяшалася з ім…

P.S. У кавярні можна не толькі заказаць столік, а і каву на вынас. Выбар відаў гэтага напою павінен задаволіць ваш густ. З усталяваннем цёплага надвор’я тут пачнецца і продаж мяккага марожанага з рознымі напаўняльнікамі.

Кожную суботу — амерыкана, латэ і капучына — па 2 рублі!

З 23 мая дзейнічае новая пастаянная зніжка для імяніннікаў. Працэнт зніжкі — ваш узрост!
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.