Пачатак бягучага года выдаўся даволі «макраваты». Здавалася б, сёлета не павінна быць пажаранебяспечных перыядаў і пагроз лясных пажараў. Аднак, як зазначае галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел, з-за папярэдніх засушлівых гадоў вільгаці ў лясах і глебе яшчэ не дастаткова, а таму нават некалькі сонечных дзён адразу пагаршаюць пажарную абстаноўку.
— Здаецца, на пазамінулым тыдні дажджы за пару дзён вельмі добра «памачылі» Пружаншчыну, і тады было знята абмежаванне на наведванне лесу, — тлумачыць Дзмітрый Мечыслававіч. — Але майскае сонца і вецер вельмі хутка зноў высушылі да 3-га ўзроўню пажарнай пагрозы.
Сёлетняя статыстыка паведамляе ўжо пра больш чым 100 узгаранняў па ўсёй рэспубліцы, агнём знішчана звыш 130 гектараў лесу. І амаль ва ўсіх выпадках прычына — чалавечы фактар. Каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, у Пружанскім лясгасе створана некалькі контураў кантролю.
Першы з іх — спадарожнікавы
Штодня атрымлівае электронную інфармацыю інжынер па ахове лесу Віктар Стасевіч. — Час, калі лесніку для маніторынгу ляснога фонду даводзілася ўзнімацца на 40-метровую вежу, застаўся ў мінулым, — зазначае Віктар Віктаравіч. — Сёння выявіць узгаранне ў лесе на ранняй стадыі дапамагаюць дыстанцыйныя сістэмы назірання за абстаноўкай, якія выдаюцца ў выглядзе інтэрактыўных карт.
На сайтах арганізацый спадарожнікавага маніторынгу ёсць спецыялізаваныя платформы для выяўлення цеплавых анамалій. У рэжыме рэальнага часу адлюстроўваюцца звесткі з каардынатамі і часам адхіленняў ад нормы. Напрыклад, калі ў канкрэтным лясным квартале быў распалены мангал, спадарожнік адразу зафіксаваў змяненні ў тэмпературы. Ці, дапусцім, у полі непадалёк ад лесу працуе трактар, а яго выхлапныя газы таксама выдзяляюць цяпло, якое прыцягвае ўвагу касмічнага назіральніка.
Інфармацыя дыстанцыйнага зандзіравання сітуацыі абнаўляецца некалькі разоў на суткі. Для зручнасці ў кабінеце ўстаноўлены вялікі дысплей, на якім адразу адлюстроўваюцца змяненні. Каардынаты цеплавых анамалій настолькі дакладныя, што можна вызначыць кропку пагрозы літаральна да ляснога квартала. Гэта дазваляе адразу падлічыць прыкладную плошчу адхіленняў ад нормы, скаардынаваць рух тэхнікі і людзей, якія павінны на месцы высветліць характар небяспекі.
Другі контур — аўтаматызаваныя сістэмы відэаназірання «Лясны вартавы»
У нашым раёне пакуль выкарыстоўваюцца дзве камеры маніторынгу — у Мокрым і Манчыках, кожная з якіх з вышыні 70 метраў над зямлёй кантралюе 30-кіламетровую зону навокал. Такая тэхніка дапамагае ў двух накірунках. Па-першае, аўтаматызаванае «вока» бесперапынна сочыць за паветрам над лясамі, каб своечасова заўважыць самы нязначны струменьчык дыму. Яго можа нават не заўважыць аператар, таму сістэма дубліруе звесткі гукавым сігналам. Па-другое, камеры ўстанаўліваюцца такім чынам, каб зоны кантролю перасякаліся. Выходзіць, атрымліваючы «карцінку» з некалькіх кропак, можна дакладна лакалізаваць месца пажарнай пагрозы.
Каб поўнасцю ахапіць падобным маніторынгам увесь лясны фонд Пружаншчыны, у бліжэйшым будучым плануецца папоўніць «Ляснога вартавога» яшчэ трыма кантрольнымі кропкамі. Падбіраецца асаблівае месца пад кожную, каб выключыць «сляпыя зоны». Больш за тое, раённы «Лясны вартавы» з’яўляецца часткай агульнарэспубліканскай сеткі, дзякуючы чаму паміж суседнімі рэгіёнамі вядзецца абмен аператыўнай інфармацыяй.
Аднак пажарная ахова лясгаса займаецца не толькі зборам інфармацыі.
Атрыманыя звесткі — падстава для прыняцця наступных мер па рэагаванні на змену сітуацыі
У перыяд увядзення 3-га ўзроўню пажарнай пагрозы ахова працуе штодня з раніцы і да вечара. Калі ж узровень павышаецца, то служба пачынае кругласутачна маніторыць абстаноўку. Як толькі паступае трывожны сігнал, то на месца адпраўляецца спецыяліст для высвятлення характару анамаліі.
— Часта трывога бывае несапраўднай з-за таго ж трактара, кантралюемага спальвання спілаваных галін у прамысловых садах таварыстваў і па іншых прычынах. У некаторых выпадках дастаткова папярэдзіць адпачываючых на ўлонні прыроды пра неабходнасць выканання супрацьпажарных патрабаванняў, — расказвае спецыяліст.
Калі выяўляецца сапраўднае ўзгаранне, то сігнал накіроўваецца ва ўсе адпаведныя інстанцыі, а таксама работнікам пажарнай аховы. Хутка перадаць інфармацыю групе дапамагае рацыя. Калі такое паведамленне паступае, то, як расказвае інжынер-лесапатолаг Сяргей Чэрнік, які адначасова з’яўляецца байцом пажарнай аховы лясгаса, да выезду рыхтуецца адзін, а то і два пажарныя аўтамабілі, набытыя арганізацыяй у 2021 годзе. Кожная аўтацыстэрна запоўнена трыма тонамі вады. Гэтага аб’ёму не хопіць надоўга ці на вялікую тэрыторыю, таму паралельна выклік паступае і ў бліжэйшае ад месца здарэння лясніцтва. Адтуль выязджае свая цыстэрна і трактар, які зоймецца абворваннем пажару. Група хуткага рэагавання аснашчана ўсім неабходным інвентаром, каб можна было змагацца з невялікім узгараннем, з распаўсюджваннем агню і нават дабірацца ў самыя складаныя мясціны. Ёсць і пажарнае абсталяванне, якім, як расказвае баец службы Міхаіл Чуракоў, персанал навучаны карыстацца прафесійна, аператыўна.
Відавочна, што ў вельмі складаных сітуацыях такога аснашчэння можа і не хапіць.
На аператыўнай сувязі для аказання хуткай дапамогі знаходзяцца іншыя службы
У тым ліку і МНС. Іх выклікаюць, калі пажар выходзіць з-пад кантролю. Дзякуй Богу, падобных сітуацый на Пружаншчыне не было даўнавата. Хаця гэта не дае падставу расслабіцца. Надыходзіць лета, і колькасць наведвальнікаў лесу істотна павялічваецца. Некаторыя ўвогуле заязджаюць у гушчары на аўтамабілях або матацыклах, якія не абсталяваны іскразгасальнікамі. У такіх выпадках, як паведамляе галоўны ляснічы, дапамагае прафілактычная работа.
— Каму дастаткова і простага слова, а некаторыя становяцца паслухмянымі толькі пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, — тлумачыць Дзмітрый Мечыслававіч.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік