Магчымасць паказаць спрыт, трапнасць, уменне наладзіць быт у адрыве ад зручнасцей цывілізацыі атрымалі пружанскія школьнікі падчас правядзення раённай спартыўнай ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня-2022». Мерапрыемства, якое прайшло на базе Рудніцкага цэнтра турызму і краязнаўства арганізаваў аддзел па адукацыі райвыканкама пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «БРСМ», ДТСААФ і СДЮШАР.
На працягу двух дзён 15 каманд спаборнічалі ў розных конкурсах, у тым ліку і артыстычных. Напрыклад, разам з пераадоленнем перашкод ваеннай эстафеты і дэманстрацыяй страявой падрыхтоўкі дзеці ўдзельнічалі ў фестывалі патрыятычнай песні, паказвалі візітоўку атрада і прэзентавалі «баявыя лісткі». А яшчэ вучыліся разбіваць лагер, гатаваць паходныя стравы ў палявых умовах, арыентавацца на мясцовасці, разбіраць і збіраць зброю, а таксама аказваць дапамогу ўмоўным пацярпелым.
Цікавыя, а часам і складаныя выпрабаванні для «арлянят» падрыхтавалі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія праводзілі пажарную эстафету. Безумоўна, у кожнай намінацыі вызначаліся свае пераможцы, некаторыя дэманстравалі вышэйшы артыстызм, іншыя сталі сапраўднымі снайперамі падчас спаборніцтва па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
У выніку лідарства асобнай каманды да канца гульні журы было вельмі складана высветліць. Як зазначае член судзейскай калегіі Сяргей Зелянееў, спачатку ўсе шанцы былі ў юных турыстаў з СШ №3. Каманда доўга трымалася ў лідарах, нягледзячы на тое, што літаральна ў кроку ад іх былі канкурэнты з СШ №5. І ўсё-такі школьнікі трэцяй гарадской не вытрымалі гонкі і саступілі лідарства бліжэйшым сапернікам падчас ваеннай эстафеты. Што і вывела каманду СШ №5 у безумоўныя пераможцы сёлетняй гульні. Адпаведна юныя турысты з СШ №3 атрымалі заслужаную «сярэбраную» ўзнагароду. Трэцюю прыступку п’едэстала занялі школьнікі з СШ №4. Усім прызёрам былі ўручаны каштоўныя падарункі. І, канешне, усім удзельнікам на памяць засталося нямала ўражанняў, добрых успамінаў пра выдатна і з карысцю праведзены на свежым паветры час.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Зелянеева