Понедельник, 14 октября 2024

Конкурс «Дзетачкі-кветачкі»: падводзім вынікі і знаёмімся з пераможцамі (+відэа)

813

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей наша рэдакцыя вырашыла парадаваць сваіх маленькіх чытачоў. Разам з магазінам «Дзіцячы маркет» мы аб’явілі ў групе «УКантакце» фотаконкурс «Дзетачкі-кветачкі».

Яго ўмовы былі даволі простымі. Супрацоўнікам рэдакцыі вельмі хацелася пазнаёміцца са сваёй маленькай аўдыторыяй. Менавіта таму мы папрасілі падпісчыкаў пакінуць у каментарыях да адпаведнага паста фотаздымкі дзетак. За шэсць дзён мамы і таты, бабулі і дзядулі даслалі больш за 300 каментарыяў з 368 фотакарткамі. Прызнацца, такой актыўнасці мы нават не маглі ўявіць!
Дзевяць фота, якія набралі найбольшую колькасць «лайкаў», выйшлі ў другі тур конкурсу. У ім шляхам галасавання і вызначылася тройка пераможцаў.

Такім чынам, першае месца і сертыфікат на 100 рублёў ад «Дзіцячага маркета» атрымала сям’я Масайла. За падарункам у рэдакцыю прыйшлі ўсе разам: тата Сяргей, мама Ганна, дачушка Віка і сын Уладзік, які, можна сказаць, і прынёс сям’і перамогу. Справа ў тым, што на фотаздымку ён, а таксама пляменніца Ганны ў берэтах дэсантнікаў. У паветраных войсках, як аказалася, служыў тата. Крэатыў аўтараў фота ацанілі падпісчыкі, якім Масайлы ўдзячны за падтрымку і першую перамогу ў жыцці малых.

Вельмі любіць фатаграфавацца Ангеліна Гуц, а яе матуля Іна — фатаграфаваць. Здымак дзяўчынкі з медзведзяняткам, зроблены гэтай зімой, нашы падпісчыкі паставілі на другое месца.
Высветлілася, што з магазінам «Дзіцячы маркет» Гуцы добра знаёмы. Больш за тое, з’яўляюцца яго пастаяннымі пакупнікамі: нядаўна набылі каляску для лялек. Так што сертыфікат на 60 рублёў, упэўнены, знойдзе хуткае прымяненне.

Усяго адзін голас аддзяліў ад другога месца Юлію Перасыпка і яе дачку Яўгенію. Але сертыфікат на 40 рублёў, па словах Юліі, – вельмі класны падарунак. Фотаздымак, які прынёс перамогу, зроблены ў дзень нараджэння Жэнькі. Бацькі вырашылі зафіксаваць радасць малой ад падоранага зайчыка з паветраных шарыкаў і не прагадалі! Юлія – настаўніца пачатковых класаў, таму ўсім дзеткам, у тым ліку і сваім былым вучням, жадае моцнага здароўя і поспехаў!

Калі хочаце парадаваць сваіх малых, раім завітаць у магазін «Дзіцячы маркет» па вул. Інтэрнацыянальнай. Гандлёвы аб’ект насупраць «Белмаркета» адкрыты па буднях з 10 да 19, у суботу і нядзелю – з 10 да 16 гадзін. Прадстаўлены шырокі асартымент вопраткі і абутку ад нараджэння дзіцяці да 15 гадоў. Прыемны бонус – зніжка 7% для шматдзетных сем’яў і 10% — у дзень нараджэння дзіцяці. Падарункавыя сертыфікаты можна набыць на любую суму.

Прыходзьце па пакупкі, не пашкадуеце! Мы ж пастараемся ў бліжэйшы час радаваць новымі цікавымі конкурсамі.

Уладзіслаў Шпарла (тэкст і відэаролік). Фота аўтара і Кацярыны Масік