На мінулым тыдні КУВП «Камунальнік» прыступіла да навядзення парадку на гарадскіх могілках. Гэтыя работы фінансуюцца за кошт добраахвотных грашовых ахвяраванняў, што паступілі ў раённы бюджэт падчас правядзення суботніка, які прайшоў напрыканцы верасня.
Толькі, улічваючы складанасць запланаванага, на гэты раз парадак наводзіцца сіламі прыцягнутых спецыялістаў. Спецыяльна з Брэста была выклікана брыгада прафесійных арбарыстаў. Гэта спецыялісты, якія на кваліфікаваным узроўні праводзяць абразанне галін і высяканне дрэваў з элементамі альпінізму. Справа ў тым, што на гарадскіх могілках, як гаворыць кіраўнік брыгады Міхаіл Макеенка, інакш працаваць немагчыма.
— Планіроўка вакол могілак, як і запоўненасць самой тэрыторыі, не дазваляюць падабрацца з тэхнікай, а спілаваць дрэва на корані нельга, бо ёсць рызыка пашкодзіць помнікі,— зазначае спецыяліст.
Таму высяканне праводзіцца па частках, пры гэтым арбарысты сутыкаюцца з сур’ёзнымі складанасцямі. Напрыклад, падчас абследавання і складання праекта было выяўлена нямала зялёных гігантаў, якія трэба тэрмінова спілоўваць. Нават і тыя, што, на першы погляд, падаюцца трывалымі, могуць не перажыць першы моцны вецер. Тым больш, што гарадскія могілкі знаходзяцца на ўзвышэнні і нічым не прыкрываюцца ад вятроў. Гэтую выснову пацвердзіў і летні ўраган, які нарабіў нямала бяды на месцах пахаванняў. Сляды той стыхіі бачны і зараз. Менавіта іх уборка і стала першым пунктам плана.
— Зараз, згодна з распрацаваным праектам, нам неабходна спілаваць 80 дрэваў,— расказвае Міхаіл Макеенка.— І гэта толькі — самыя небяспечныя.
На ўборцы працуе пяць чалавек, аснашчаных неабходным для вышынных работ абсталяваннем. За дзень у належнае надвор‘е ў сярэднім спілоўвалі каля дзесяці гігантаў. Але шквалісты вецер, які задзьмуў на бягучым тыдні, перашкодзіў верхалазам. Так што працяг работ цяпер залежыць ад прагноза надвор‘я.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).