За кошт добраахвотных грашовых ахвяраванняў, якія паступілі ў раённы бюджэт падчас правядзення напрыканцы верасня суботніка, КУВП «Камунальнік» прыступіла да масавага навядзення парадку на могілках раёна. Трэба сказаць, што падобная работа праводзілася рэгулярна і дагэтуль, але з-за складанасцей з фінансаваннем убіраліся толькі аварыйныя дрэвы, а таксама ў невялікім аб’ёме выконваўся рамонт агароджаў, прыбіранне тэрыторыі ад стыхійных смеццязвалак.
—Адрозненне ў тым, што зараз сабраныя ўсёй грамадой сродкі дазволілі істотна пашырыць планы па навядзенні парадку, — расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» С.Б.Грыбоўскі. — Гэты час вельмі зручны для работ па высяканні старых або аварыйных дрэў, а таксама зараснікаў,— зазначае Сяргей Барысавіч.— Сезон актыўнага гнездавання птушак закончыўся, і няма рызыкі нанесці масавай валкай урон навакольнай фаўне.
Першымі, дзе былі распачаты работы, сталі могілкі ў аграгарадку Харава. Там спілавана восем дрэў, некаторыя з якіх неслі пагрозу помнікам. Пасля моцных вераснёўскіх вятроў некаторыя гіганты былі паламаны і стварылі завалы. Каб зрабіць бяспечнай работу, давялося ладзіць высокія рыштаванні, з якіх паступова зносіліся пашкоджаныя дрэвы. Гэту работу брыгада з чатырох чалавек выканала за два дні. Хаця ў далейшым на такую хуткасць разлічваць не варта, бо ў многім тэмпы залежаць ад умоў надвор’я, асабліва сітуацыі з вятрамі.
Хуткае заканчэнне работ па навядзенні парадку на могілках аг.Харава дазволіла ў звышпланавыя тэрміны прыступіць і да высякання дрэў на могілках каля аг.Стараволя.
Тут аб’ёмы крыху большыя, бо паралельна вядзецца знішчэнне зараснікаў вакол пахаванняў з мэтай павелічэння тэрыторыі могілак, але работа значна прасцейшая.
— Знесеныя дрэвы і галлё вывозім, каб потым выкарыстаць у кацельнях на мясцовых відах паліва, якія падаюць ацяпленне ў жылыя дамы,— паведамляе начальнік участка.
Мяркуецца, што вельмі хутка брыгада скончыць працаваць і тут, каб прыступіць да вялікіх аб’ёмаў работ на гарадскіх могілках.
Даведка: на сённяшні дзень на навядзенне парадку на могілках раёна з добраахвотна сабраных сродкаў выдаткавана каля 2 тысяч рублёў. Таксама падобныя работы будуць праведзены ў г.п.Ружаны, у аграгарадках Лыскава, Шані, Варанілавічы, вёсках Аранчыцы, Пескі, В.Краснік і Верчыцы.
Алег Сідарэнка, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).