Традыцыйная восеньская спартакіяда сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый на гэты раз была найбольш прадстаўнічай: да ўдзелу ў спаборніцтвах свае каманды дэлегавалі 12 аграпрамысловых акцыянерных таварыстваў і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Старт спартакіядзе даў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, які ад імя кіраўніцтва раёна выказаў аграрыям падзяку за плённую працу ў сёлетнім сезоне і пажадаў праявіць такую ж актыўнасць і выніковасць у спорце і прапагандзе здаровага ладу жыцця. З вітальным словам выступілі таксама старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.І.Ярома, галоўны спецыяліст райвыканкама А.Л. Лапыка і галоўны суддзя спаборніцтваў, дырэктар ФСК «Мухавец» В.П.Ляўчук.
Праграма выпрабаванняў сёлета не прыцярпела змяненняў, і свой спрыт удзельнікі павінны былі паказаць у валейболе, настольным тэнісе, армрэстлінгу, гіравым спорце, стральбе, дартсе, шахматах, шашках, плаванні і перацягванні
каната.
Яшчэ на першых этапах спаборніцтваў стала відавочным, што нехта прыехаў мэтанакіравана па перамогу, а нехта — каб проста паўдзельнічаць і атрымаць зарад добрага настрою. У лідары выйшлі каманды ААТ «Жураўлінае», «Мурава», «Пружанскі райаграсэрвіс» і «Агра-Калядзічы», якія, можна сказаць, і спаборнічалі паміж сабой за прызавыя месцы.
Напрыклад, у валейболе найбольш зладжаную гульню паказалі спартсмены ААТ «Жураўлінае», якія падчас падвядзення вынікаў атрымалі прыз за першае месца ў гэтым відзе спорту. Трэба адзначыць, што прадстаўнікі гэтай гаспадаркі былі лепш падрыхтаваныя фізічна і маральна, кожнага ўдзельніка падбадзёрвала свая каманда падтрымкі.
Дзякуючы гэтаму работнікі акцыянернага таварыства паказалі самыя лепшыя вынікі ў армрэстлінгу (Віталь Алесік у сваёй вагавой катэгорыі), гіравым спорце (Сяргей Базыльян), настольным тэнісе (Віталь Алесік), дартсе (Ганна Якуцэня), у плаванні (Дзяніс Малажаўскі).
Наогул жа сярод жанчын у плаванні лепшы вынік паказала Кацярына Крохмаль з ААТ «Агра-Калядзічы». Аднак найбольшая колькасць прызавых месцаў пры падвядзенні вынікаў прынесла камандзе з ААТ «Жураўлінае» агульную перамогу і галоўны кубак спартакіяды.
Другое месца заняла каманда з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», работнікі якога выйшлі ў лідары ў армрэстлінгу (Дзмітрый Навасад у сваёй вагавой катэгорыі) і дартсе (Максім Бушко сярод мужчын).
Мураўскія спартсмены сталі неаспрэчнымі пераможцамі ў шахматах і шашках, у якіх грунтоўную перамогу атрымалі Дзмітрый Сахарчук і Мікалай Казлоўскі, а таксама ў перацягванні каната. Такі набор прызавых месцаў прынёс камандзе з ААТ «Мурава» трэцяе месца. Выдзеліліся ў гіравым спорце (Дзмітрый Чаргейка ў сваёй вагавой катэгорыі), стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі (Дзмітрый Бурдук) з ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына».
Пераможцам у кожным з відаў спорту каштоўныя падарункі ўручыў старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК І.І.Ярома.
Алег Сідарэнка, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).