Хаця разгар купальнага сезона прайшоў, у мінулыя выхадныя на возеры Паперня было шматлюдна. Дзясяткі палатак, што вырасталі, быццам грыбы пасля дажджу, дым кастроў, пах духмянай юшкі, спевы пад гітару, камандныя баталіі… Працоўная моладзь Пружаншчыны ў чарговы раз сабралася ў гэтых маляўнічых мясцінах, каб пазмагацца за званне лепшых турыстаў.

На гэты раз свае каманды на турзлёт дэлегавала дзесяць калектываў раёна: ААТ «Пружанскі малочны камбінат», СТАА «Данон Пружаны», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Айчына», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Радзіма», ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», райвыканкам, Пружанская цэнтральная раённая бальніца і абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы».

Турыстаў чакалі традыцыйныя спаборніцтвы: спартыўнае арыентаванне, фігурнае ваджэнне веласіпеда, валейбол, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, водны турызм, перацягванне каната, а таксама конкурсная праграма, падчас якой ацэньваліся візітоўкі, «паходныя» стравы і арганізацыя быту каманд. Быццам бы ўсё як заўсёды, але запамінальных момантаў хапала.

Барацьба за званне тройкі лепшых турыстаў была напружаная. І, як паказалі яе вынікі, лідары ў многіх конкурсах і спаборніцтвах на працягу многіх сезонаў застаюцца нязменнымі.

У заездах на байдарках на гэты раз не было роўных экіпажам-«двойкам» медыкаў з ЦРБ. Яны ж даказалі, што трапна страляюць і ўмеюць добра ездзіць на веласіпедах. Але лідарства адразу ў трох відах: перацягванні каната, валейболе і фігурнай яздзе на веласіпедзе — дазволіла камандзе з ААТ «Жураўлінае» літаральна вырваць абсалютную перамогу ў сапернікаў і пакінуць каманду ЦРБ на другой прыступцы п’едэстала пераможцаў. Вопытным турыстам з псіхіятрычнай бальніцы на гэты раз удалося ўзняцца толькі на трэцяе месца. Хаця, варта адзначыць, у кожнай з каманд былі свае мацнейшыя бакі, проста ў кагосьці іх аказалася больш.

У атмасферы сяброўства, здаровага саперніцтва і турыстычнай рамантыкі тры дні праляцелі непрыкметна.

Маладыя людзі засталіся ўдзячны арганізатарам: РК ГА «БРСМ», прафсаюзу работнікаў АПК, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама — за магчымасць добра адпачыць на ўлонні прыроды і выказалі гатоўнасць прыехаць сюды наступным летам.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).