Стала добрай традыцыяй правядзенне раённай спартакіяды сярод сельскагаспадарчых арганізацый. Вось і ў мінулую суботу на базе ДЮСШ №1 сабраліся сельскія аматары спорту, каб выявіць мацнейшых.
На старт выйшла 11 каманд сельгаспрадпрыемстваў (не прынялі ўдзел у спаборніцтвах толькі ААТ «Велікасельскае Агра», «Роўбіцкае», «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына», філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы»).
Падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды да яе ўдзельнікаў са словамі прывітання звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
У праграме было 10 відаў спорту: валейбол, шашкі, шахматы, дартс, гіравы спорт, армрэстлінг, перацягванне каната, настольны тэніс, плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Адначасова на некалькіх пляцоўках разгарнулася напружаная барацьба.
Цікавым і відовішчным атрымаўся турнір валейбалістаў, дзе ў кожнай камандзе было па чатыры мужчыны і дзве жанчыны. А гульня за першае месца паміж камандамі ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Агра-Калядзічы» нікога не пакінула абыякавым. Да самага заканчэння партыі каманды ішлі ачко ў ачко. І толькі ў самай канцоўцы валейбалісты ААТ «Жураўлінае» вырвалі перамогу. Трэцяе месца ў спаборніцтвах валейбалістаў занялі прадстаўнікі ААТ «Ружаны-Агра».
Сярод шашыстаў перамогу святкавалі прадстаўнікі ААТ «Мурава», а шахматыстаў — ААТ «Ружаны-Агра». Самымі трапнымі сталі аматары спорту з ААТ «Ліноўскае» і ААТ «Айчына», якія перамаглі адпаведна ў дартсе і стральбе. У сілавых відах спорту — армрэст-лінгу і гіравым не было роўных спартсменам ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» і ААТ «Мурава».
У перацягванні каната на працягу многіх гадоў запар перамагаюць, як і сёлета, дужыя мужчыны з ААТ «Мурава». У настольным тэнісе мацнейшымі сталі тэнісісты з ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», а ў плаванні — ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».
У асабістым заліку ў дартсе сярод жанчын перамагла Марына Карманава (ААТ «Ружаны-Агра»), а сярод мужчын — Сяргей Кавалевіч (ААТ «Ліноўскае»). Дарэчы, у дартсе другім прызёрам спаборніцтваў стаў дырэктар ААТ «Мурава» П.М.Білецкі, які каторы год запар з‘яўляецца не толькі шчырым балельшчыкам сваёй каманды, але і непасрэдным яе ўдзельнікам.
У гіравым спорце і армрэстлінгу ў вагавой катэгорыі да 90 кілаграмаў першыя месцы дасталіся Сяргею Базыльяну і Віталію Алесіку (ААТ «Жураўлінае»), а звыш 90 кілаграмаў — Аляксандру Гармашову і Сяргею Марданю (ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»). Мацнейшым шашыстам стаў Мікалай Казлоўскі (ААТ «Мурава»), а шахматыстам — Павел Каненя (ААТ «Ружаны-Агра»).
У настольным тэнісе на вышэйшую прыступку ўзняўся Віктар Дыбуль (ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка»), а ў стральбе — Марына Уродніч (ААТ «Айчына»).
У плаванні сярод мужчын першае месца дасталася Сяргею Тарасевічу (ААТ «Жураўлінае»), а сярод жанчын — Ангеліне Козак (ААТ «Агра-Калядзічы»).
У агульнакамандным заліку пераможцам спартакіяды, як і ў мінулым годзе, стала дружная каманда ААТ «Жураўлінае». На другім месцы апынуліся прадстаўнікі ААТ «Мурава», на трэцім — ААТ «Агра-Калядзічы».
Каманды-пераможцы, а таксама прызёры ў кожным відзе спорту ўзнагароджаны кубкамі, граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Мікола Архуцік. Фота аўтара.