Четверг, 7 ноября 2024

Команда колледжа не оставила соперникам шансов на первой спартакиаде среди предприятий и организаций города

1 219

Сёлета ў Беларусі з вялікім размахам адзначаецца 115-годдзе прафсаюзнага руху. Да шэрага мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты, далучылася і масавае спартыўнае свята, якое адбылося ў мінулую суботу ў Пружанах. Першая спартакіяда сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый горада, якая сабрала больш за сотню спартсменаў, была арганізавана раённым фізкультурна-спартыўным клубам «Мухавец» сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.
Распачалося мерапрыемства цудоўнай музычнай мунуткай ад салістак узорнай эстраднай студыі «Меладзін» Валянціны Іванцовай і Ангеліны Шумскай, пасля якой да ўдзельнікаў спартакіяды звярнуўся з афіцыйнай прадмовай намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч.
— Сёння займацца спортам, а значыць — быць здаровым, стала модным ва ўсім свеце, паколькі здаровы лад жыцця — тая аснова, на якой трымаецца годнае грамадства і дабрабыт усёй краіны. Ваша здароўе — залог здароўя вашых дзяцей, якім вы такім чынам даяце станоўчы прыклад. Спорт аб’ядноўвае, накіроўвае, заклікае і натхняе людзей, — адзначыў Руслан Васільевіч і пажадаў удзельнікам аптымізму і чэсных спартыўных перамог.
Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. І пад гукі ўрачыстага марша калона спартсменаў прайшла перад балельшчыкамі.
На працягу амаль трох гадзін сваю спрытнасць, вынослівасць, сілу духу, цвёрдасць волі і жаданне перамагчы дэманстравалі члены каманд з шасці калектываў раёна: аграрна-тэхнічнага каледжа, раённага спажывецкага таварыства, цэнтральнай бальніцы, філіяла «Пружанскія электрасеткі», КУВП «Камунальнік» і малочнага камбіната.


Спартсмены спаборнічалі ў сямі відах спорту: валейболе, шашках, плаванні, дартсе, гіравым спорце, стральбе і перацягванні каната. А іх прыхільнікі актыўна падтрымлівалі сваіх сяброў і калег, якія ў некаторых відах самастойна змагаліся за гонар усяго калектыву.


Вельмі відовішчнымі аказаліся спаборніцтвы па валейболе, якія выклікалі ў спарт-сменаў сапраўдны азарт. Захапляльную і прафесійную гульню паказалі ў вырашальным матчы каманды з каледжа і электрасетак, якія і занялі 1 і 2 месцы.
У «інтэлектуальным» відзе спорту — шашках — не было роўных Віктару Манцэвічу з электрасетак. У дартсе перамогу святкавалі Ігар Ляшэвіч з «Камунальніка» і Лілія Смаль з каманды раённага спажывецкага таварыства.

Самую трапную стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі паказаў Уладзіслаў Гушча з каледжа.


У гіравым спорце ў катэгорыі да 90 кілаграмаў вылучыўся навучэнец каледжа Дзмітрый Буднік, які трэніруецца пад кіраўніцтвам вядомага спартсмена Аляксандра Мацаюка, апошняму, дарэчы, не было роўных у катэгорыі звыш 90 кілаграмаў.

Шмат захапляльных эмоцый выклікалі спаборніцтвы па плаванні, якія адбываліся ў Водным палацы ДЮСШ № 2. Сярод мужчын першым фінішаваў Уладзіслаў Гаўрыльчук з каманды каледжа, а сярод плыўчых перамогу атрымала Алёна Гушча з каманды цэнтральнай бальніцы.


І як заўсёды бывае ў падобных камандных спаборніцтвах, галоўным, фінальным, акордам спартакіяды стала перацягванне каната. Пад бурныя апладысменты ўсіх удзельнікаў і балельшчыкаў спаборніцтваў перамаглі волаты з «Камунальніка», якія ледзь «вырвалі» перамогу ў спартсменаў-аматараў з Пружанскіх электрасетак.

Нарэшце настаў час падводзіць агульныя вынікі, якія на ўрачыстай цырымоніі закрыцця спартакіяды пасля выступлення яшчэ адной салісткі ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Ірыны Курусь агучыў галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст райвыканкама, які курыруе пытанні спорту і турызму, А.Л.Лапыка. Менавіта Аляксей Леанідавіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук уручылі лепшым спартсменам і лідарам каманд ганаровыя дыпломы і кубкі.


Першае агульнакаманднае месца заваявалі спартсмены з каледжа, якія, дарэчы, святкавалі перамогу ажно ў чатырох з сямі асобных відах спорту.
Другое месца ў каманды з «Камунальніка» (у асобных відах — дзве перамогі). Гэтую каманду аддзяліла ад лідара ўсяго паўтара бала. На трэцім месцы аказалася каманда Пружанскіх электрасетак, якую, дарэчы, у лік прызёраў вывеў кіраўнік А.А.Усік, які на роўных з падначаленымі прыняў актыўны ўдзел у спартакіядзе і па ўмовах конкурсу аўтаматычна прынёс сваёй камандзе тры дадатковыя балы.
Падводзячы вынікі спартакіяды, яе арганізатары па-дзякавалі ўсім за атрыманы зарад бадзёрасці і пазітыўны настрой і пажадалі далейшых поспехаў, а таксама выказалі ўпэўненасць, што падобныя мерапрыемствы пакладуць пачатак да рэгулярных заняткаў спортам усіх членаў працоўных калектываў.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).