На рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў па зімовым шматбор’і “Здароўе” каманда Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа аказалася ў ліку пераможцаў і заваявала трэцяе месца.
Калі ўлічыць, што змагацца нашым спартсменам давялося з камандамі каледжаў з усёй краіны (усяго ССНУ у рэспубліцы 128) – гэта, бясспрэчна, значная перамога. А здабылі яе для Пружан шасцёра навучэнцаў: Вадзім Мацько, Іван Зіновіч, Дзяніс Яўтушык, Арцём Арцямук, Арцём Ненадавец, Максім Бандарук пад кіраўніцтвам выкладчыка фізічнай культуры Аляксандра Мацаюка.
Хлопцы змагаліся ў трапнасці стральбы і падцягванні, скакалі ў даўжыню і бегалі трохкіламетровы крос. У асабістых заліках вылучыцца на рэспубліканскіх спаборніцтвах удалося Дзянісу Яўтушыку і асабліва Івану Зіновічу, які быў першым у забегу на доўгую дыстанцыю.
Адметна, што гэта не першая значная спартыўная перамога выхаванцаў А.В.Мацаюка, які валодае асаблівым талентам разгледзець і падрыхтаваць будучых спартсменаў.
Галіна Каляда.
На здымку: каманда-пераможца са сваім трэнерам А.В.Мацаюком (у цэнтры).