Четверг, 10 октября 2024

Колькі жаніхоў, нявест, нараджэнняў і якія імёны дзетак былі самымі папулярнымі? Аддзел ЗАГС падвёў вынікі 2023-га

655

У нашым раёне дзейнасць у сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ажыццяўляюць аддзел запісу актаў грамадзянскага стану Пружанскага раённага выканаўчага камітэта (загса) і 12 сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Усяго ў 2023 годзе ў органы загса Пружанскага раёна звярнулася 3950 грамадзян з заявамі аб правядзенні адміністрацыйных працэдур, было выдадзена 4545 дакументаў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.

За мінулы год на Пружаншчыне нарадзіліся 151 хлопчык і 142 дзяўчынкі. 86 дзяцей былі першынцамі, 93 —другімі, 75 — трэцімі, 25 — чацвёртымі, 11 — пятымі, трое — шостымі ў сям‘і. З’явілася на свет і пяць двойняў.

Папулярнымі імёнамі хлопчыкаў у 2023 годзе былі: Іван, Аляксандр, Міхаіл, Уладзіслаў, Максім, Яўген, Марк, Мацвей. Самымі рэдкімі — Багдан, Даніэль, Макарый, Мурат, Назар, Пётр, Патап, Якім, Ярамір.

Папулярныя імёны дзяўчынак — Ева, Ксенія, Марыя, Сафія, Анастасія, Варвара, Дар’я, Вераніка. Самыя рэдкія — Агата, Агнія, Алівія, Дамініка, Жасміна, Любоў, Мая, Марыка, Міліса, Рэната, Ясенія, Ясміна.

Зарэгістравалі нараджэнне сваіх дзяцей 15 замежных грамадзян, у тым ліку такіх дзяржаў, як Расійская Федэрацыя, Туркменістан, Украіна, Узбекістан, а таксама адна асоба без грамадзянства.

Самая маладая маці мела ўзрост 16 гадоў, наймалодшы бацька — 18 гадоў. Адпаведна самай узроставай маці споўнілася 45, бацьку — 50 гадоў.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў раёне зарэгістравана 203 шлюбы. 12 шлюбаў зарэгістравана з замежнымі грамадзянамі такіх дзяржаў, як Расійская Федэрацыя, Украіна і Літоўская Рэспубліка. Упершыню ў шлюб уступілі 166 жаніхоў і нявест. Адной нявесце быў зніжаны шлюбны ўзрост у сувязі з цяжарнасцю. Узрост наймалодшага жаніха склаў 18 гадоў, самай юнай нявесты — 17 гадоў. Праводзіліся і ўрачыстыя цырымоніі, звязаныя з рэгістрацыяй шлюбу — зарэгістраваны юбілеі сямейнага жыцця 28 пар, сярод якіх восем сярэбраных вяселляў і 10 залатых.

У адпаведнасці з артыкулам 351 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ў 2023 годзе аддзелам загса Пружанскага райвыканкама зарэгістравана 42 скасаванні шлюбу. Мінімальная працягласць шлюбу склала менш за 3,5 месяца, максімальная — 40,4 года.

Наймалодшаму мужчыну, які скасаваў шлюб, споўнілася 22 гады, самаму старэйшаму — 63, адпаведна ўзрост наймалодшай жанчыны — 19, найстарэйшай — 60 гадоў.

У 2023 годзе аддзелам загса Пружанскага райвыканкама было зарэгістравана 14 змяненняў прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку.

Начальнікам аддзела праводзіліся праверкі работы па ажыццяўленні дзейнасці ў сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў сельвыканкамах раёна, семінары-нарады з кіраўнікамі спраў сельвыканкамаў.

Работнікі аддзела загса штодня асабіста і па тэлефоне праводзяць кансультацыі грамадзян па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, а таксама прымаюць удзел у мерапрыемствах і арганізоўваюць розныя імпрэзы, прымеркаваныя да дзяржаўных святаў, Дня сям’і, Дня маці, Дня бацькі і г. д.

Наталля Цібароўская, начальнік аддзела загса

Фота Кацярыны Масік і з архіву сайта