Вторник, 22 апреля 2025

Колькі крокаў да шыльды?

716

У сацыяльных сетках «завірусілася» відэа, на якім відавочна выяўляецца незадаволенасць адной мясцовай жыхаркі, якая сцвярджае, што на прыпыначным пункце гарадскога транспарту ў раёне скрыжавання вул. Р. Шырмы і Кобрынскай, таблічка з раскладам руху аўтобусаў размешчана занадта далёка. Нам стала цікава, ці ўсё так на самай справе, таму выехалі на месца «здарэння».

Ці ёсць сэнс марнаваць час на панарамную здымку, якая падаўжае аб’екты на смартфоне і штучна нарывацца на канфлікт? Мабыць, не.
Мы асабіста палічылі крокі ад знака, на якім усталявана шыльда з раскладам, да сярэдзіны прыпынку. Усяго 25-30 крокаў, ніяк не 100. У чым нязручнасць, мы так і не зразумелі. Нашы людзі неяк дзіўна шукаюць праблемы там, дзе іх увогуле не існуе. Няўжо так складана прайсціся сюды-туды ў чаканні аўтобуса. І мы перакананы: пасажыры, якія карыстаюцца грамадскім транспартам, ведаюць расклад «на зубок», а калі ён мяняецца, то становіцца вядома ў гэты ж дзень ва ўсіх сацыяльных сетках і ў бліжэйшым нумары «раёнкі». Госці горада, як правіла, рухаюцца на ўласных аўто.

А ўсе просьбы павесіць шыльду на ліхтарным слупе ці на павільёне «Белсаюздрук» проста ў цэнтры прыпынку не маюць пад сабой ніякай логікі і здаровага сэнсу. Для гэтага існуюць строгія нормы і правілы, у адпаведнасці з якімі і робіцца дадзены від работ.

І яшчэ, як растлумачылі ў КУВП «Камунальнік», прыпыначныя павільёны старога ўзору, як на вул. Міцкевіча, Інтэрнацыянальнай,
Е. Полацкай і іншых, прызначаны для мацавання на іх таблічак або дошак аб’яў. А вось новыя, шкляныя, якія зусім хутка з’явяцца на вул. Чырвонаармейскай, насупраць нашай рэдакцыі, і на вул. Лазо, у раёне электрасетак, не прадугледжаны для размяшчэння на іх рознага роду інфармацыі, ды і эстэтыка таксама парушыцца.

Шукайце пазітыў у навакольным свеце, здымайце світанкі, кветкі, першацветы і будзе вам шчасце ў кожным вясновым дні!


Ульяна Рысь

Фота аўтара