Воскресенье, 6 октября 2024

Ко дню строителя: ПМК-21

1 942

ПМК-21 — адно з буйнейшых у раёне будаўнічых прадпрыемстваў. І не толькі па колькасці работнікаў, але і па машынна-трактарным парку. Аднак тэхніка застаецца мёртвай без чалавечых рук. І, як зазначае дырэктар арганізацыі В.С.Лук’янчук, цяпер трэба ўсю ўвагу сканцэнтраваць на кадравым пытанні.

— Сёлета мы яшчэ набываем дадатковых будаўнічых агрэгатаў на суму каля чатырох мільярдаў рублёў,— расказвае Васіль Сцяпанавіч.— Гэта вялікія капіталаўкладанні, і яны павінны прыносіць сваю карысць прадпрыемству. Таму нам неабходны людзі, якія здолеюць на такой тэхніцы працаваць.

— Што зараз уяўляе калектыў ПМК-21?

— За некалькі апошніх гадоў наш калектыў значна амаладзіўся. Так, пэўная рызыка ёсць, калі большасць работнікаў маюць невялікі стаж работы — звыш 100 чалавек працуюць у нас да аднаго года. Аднак кожны павінен некалі пачынаць сваю працоўную дзейнасць і, мяркую, у будучым з гэтых людзей атрымаюцца выдатныя спецыялісты. Ужо зараз маладыя працуюць брыгадзірамі і майстрамі, начальнікамі ўчасткаў. Тым больш, што ў нас захоўваецца і пераемнасць пакаленняў: за кожным замацаваны вопытны настаўнік.
Ёсць і ветэраны, на якіх варта раўняцца. Сярод іх можна назваць А.А.Беркава, П.Б.Вакульчыка, М.Р.Вараб’ёва, Л.Г.Голад, В.С.Кічова, А.С.Чэгу. Актыўна з моладдзю працуе і наш савет па справах моладзі і пярвічка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі: пры ўдзеле гэтых структур распрацоўваюцца раздзелы калектыўнага дагавора прадпрыемства, якія накіраваны на падтрымку маладых спецыялістаў. Прадугледжаны не толькі выплата дапамогі тым, хто прыехаў да нас, але і шэраг іншых мер, якія прывабліваюць кадры. У тым ліку і накіраванне на вучобу за кошт арганізацыі: зараз чацвёра спецыялістаў завочна вучацца.

Цэментуюць наш калектыў і сямейныя дынастыі, колькасць якіх пастаянна павялічваецца. Дарэчы, у такіх работнікаў — самыя лепшыя паказчыкі. Гэта прарабы бацька і сын Вараб’ёвы, муляры бацька і двое сыноў Грышчукі, майстры бацька і сын Хілько, бацька рамшчык і сын муляр Велікасельцы, машыністы экскаватара Каўтунюкі. За бацькам прыйшлі працаваць да нас і браты Зелянякі — цясляр і электрык.

Галоўнае, што сведчыць пра надзейнае будучае нашых работнікаў, — мы не забываемся пра ветэранаў, якія зараз на заслужаным адпачынку. Кожнаму штомесяц выдзяляем грашовую падтрымку, пры неабходнасці аказваецца іншая дапамога. Мяркую, што нашы ўчынкі — добры прыклад для маладога папаўнення, якое жадае стаць будаўнікамі.

— У адным з выступленняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў даручэнне ствараць у краіне належныя ўмовы для працаўнікоў, якія раней ездзілі на заробкі за мяжу. Гэта, у большай ступені, тычыцца менавіта будаўнікоў. Ведаю, што апошнія два гады ПМК-21 папоўнілася тымі, хто раней працаваў на будоўлях Масквы. Якім чынам удаецца іх зацікавіць?

— Найперш зазначу, што апошнім часам растуць аб’ёмы работ — штогод прыкладна на трэць. Зразумела, што работы хопіць кожнаму. Адсюль і адпаведныя заробкі. Разам з гэтым вырашаем і жыллёвыя пытанні сваіх работнікаў: дапамагаем індывідуальным забудоўшчыкам, будуем і службовыя кватэры.   Ды і ўмовы працы таксама многае вырашаюць. Практычна ўся работа механізавана, ёсць транспарт для падвозу, на пляцоўках — бытавыя вагончыкі, створаны санітарныя ўмовы.

— Васіль Сцяпанавіч, акрамя матэрыяльных выгод, чалавек высока цэніць таксама і добрае слова. І яно будзе якраз да месца напярэдадні прафесійнага свята.
— У нас, будаўнікоў, самая мірная прафесія. І работа наша запатрабавана толькі там, дзе няма вайны, дзе людзі жывуць шчасліва, без трывог. Мы навучыліся працаваць з выкарыстаннем сучаснага тэхнічнага абсталявання.  Час не дазваляе расслабіцца. І я рады, што людзі разумеюць гэта. Таму адразу хачу выказаць усім работнікам ПМК-21 падзяку за добрасумленную працу. Ні адна машына не зможа ўзвесці дом, адбудаваць жывёлагадоўчы комплекс без чалавечых рук. Няхай і надалей у вас хапае сіл старанна працаваць і атрымліваць за працу годныя заробкі.

Віншую з прафесійным святам і калег з іншых будаўнічых арганізацый. Няхай не застанецца недапрацовак і нявырашаных праблем, а час будзе толькі змяняць усё да лепшага.
Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *