Субота, 20 лістапада, стала для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь асаблівым днём: 6800 навабранцаў з восеньскага прызыву далі клятву на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Сярод іх юнакі з Пружаншчыны.
З гэтай нагоды ўрачыстыя цырымоніі прайшлі ў розных воінскіх часцях і падраздзяленнях краіны, у тым ліку і ў Бярозаўскім гарнізоне, дзе праходзіць службу будуць чатыры пружанцы. Хвалюючы момант з салдатамі падзялілі камандаванне часцей, прадстаўнікі ўлады, лідары раённых грамадскіх арганізацый, духавенства і, безумоўна, родныя і блізкія.
Сам рытуал праходзіў вельмі ўрачыста. Пад баявым сцягам і нават харугвамі навабранцы прыносілі прысягу на вернасць Радзіме. Абяцалі быць адданымі беларускаму народу, годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь.
Пасля завяршэння прысягі вайскоўцы выканалі Дзяржаўны гімн. А потым па традыцыі святары прачыталі над імі малітву і акрапілі салдатаў святой вадой. Скончылася адна з галоўных воінскіх імпрэз маршам перад камандаваннем і роднымі.
Пасля каманды: «Вольна!» — бацькі нарэшце змаглі абняць сваіх сыноў.
— Здаецца, за гэтыя мінуты нашы дзеці ўжо сталі крыху іншымі – памужнелымі і пасталелымі, — дзеліцца сваімі ўражаннямі з журналістамі «раёнкі» жыхарка г.Пружаны Марына Семаковіч, сын якой Дзяніс будзе служыць параўнальна недалёка ад дома, у Бярозе, у 16-м асобным палку радыёэлектроннай барацьбы. – Мяне вельмі радуе, што сын з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Але гэта нядзіўна: ён у нас ужо скончыў універсітэт і тры месяцы адпрацаваў на пасадзе майстра горна-праходчага ўчастка ААТ «Трэст Шахтаспецбуд» у г.Салігорску, а гэта значыць, у адрозненне ад 18-гадовых хлопчыкаў мае большы жыццёвы вопыт.
— Я вельмі ганаруся сынам! – шчыра падтрымлівае жонку Анатоль Семаковіч. — Для мяне, як для бацькі, сёння знакавы дзень. З гэтага моманту ў нашага Дзяніса з’явіўся новы статус — абаронца Айчыны. Упэўнены, што ён адслужыць годна і не падвядзе ні камандзіраў, ні нас з маці. Да таго ж, Дзяніс з дзяцінства мае выдатную фізічную падрыхтоўку, у свой час нават перамагаў на раённых спаборніцтвах па жыме штангі, пра што пісала наша «раёнка». Таму здольны трымаць у руках не толькі гаджэты. Увогуле як чалавек, які сам аддаў службе ў войску сем гадоў, лічу, што кожны малады чалавек павінен быць гатовы не проста па-філасофску любіць Радзіму, але і ўмець яе абараняць з аўтаматам у руках. Толькі служачы ў войску, можна даказаць сваю адвагу, мужнасць і любоў да роднага краю. Таму, хлопцы, смела ставайце ў строй!
Алена Зялевіч. Фота з архіва сям’і Семаковіч