У Брэсцкай вобласці, у тым ліку ў Пружанскім раёне, актывізаваліся кляшчы. У чым небяспека іх укусаў, як засцерагчы сябе ад нападаў кляшчоў і куды трэба звяртацца, калі клешч усё ж такі ўкусіў, — адказы на гэтыя пытанні дае цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі двух відаў інфекцый: клешчавога энцэфаліту і клешчавога барэліёзу.

Клешчавы энцэфаліт — вострае віруснае захворванне, якое пашкоджвае галаўны і спінны мозг. Пры ўкусе кляшча вірус імгненна пранікае ў кроў. У цяжкіх выпадках зыходам захворвання можа быць інваліднасць або смерць.
Клешчавы барэліёз (хвароба Лайма) — вострае бактэрыяльнае, якое пераходзіць у хранічнае, захворванне. Інфекцыя прыводзіць да паражэння скуры, нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарату і сэрца, можа прывесці да інваліднасці.
Заражэнне чалавека часцей за ўсё адбываецца праз укус інфіцыраванага кляшча. Вірусам клешчавога энцэфаліту можна заразіцца таксама пры ўжыванні сырога казінага малака.
Каб абараніць сябе ад кляшчоў, трэба:
—накіроўваючыся ў лес, апранаць вопратку светлых тонаў, якая шчыльна прылягае да цела;
—карыстацца рэпелентамі (прадаюцца ў аптэках і мага-зінах);
—абавязкова аглядаць цела пасля вяртання з лесу ці з дачнага ўчастка;
—казінае малако ўжываць толькі пасля кіпячэння (вірус клешчавога энцэфаліту гіне за 2 хвіліны кіпячэння);
—забяспечваць добраўпарадкаванне сваіх дачных участкаў, дваровых тэрыторый: прыбіраць леташняе лісце, акультурваць кусты, выкошваць траву, не дапускаць захламленасці і звалак бытавога смецця, знішчаць грызуноў.
—праводзіць дэзынсекцыю домаўладанняў і дачных участкаў.
Не выдаляйце кляшчоў самастойна!
Калі ўсё ж зрабілі гэта і апрацавалі месца ўкусу спіртавым растворам, тэрмінова звяртайцеся па кансультацыю да ўрача-інфекцыяніста або ўчастковага тэрапеўта.
Не пазней за 72 гадзіны пасля ўкусу павінна пачацца экстранная хіміяпрафілактыка клешчавых інфекцый.
Даследаванне неабходна
Даследаванне кляшчоў, знятых з чалавека, на наяўнасць узбуджальнікаў лайм-барэліёзу праводзіцца ў Кобрынскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: пл.Свабоды, 8 з 8.00 да 17.00. Тэлефон для даведак: 8-0164-25-02-23. Пры сабе трэба мець пашпарт.
Даследаванне кляшчоў на заражанасць клешчавым энцэфалітам праводзіцца толькі ў вірусалагічнай лабараторыі абласнога ЦГіЭ па адрасе: г. Брэст, вул. В.Харужай, 6 (каб. 217) у працоўныя дні з 8.30 да 17.00. Тэлефон для даведак: +37533-648-18-00 (энтамолаг). У брэсцкай лабараторыі можна адначасова даследаваць кляшча і на лайм-барэліёз.
Даследаванні праводзяцца на платнай аснове. Для асобных катэгорый грамадзян прадугледжаны зніжкі ў 30%.
Выконвайце нашы рэкамендацыі — і вы абароніце сябе ад клешчавых інфекцый!
Крысціна Пашкевіч, загадчыца аддзела эпідэміялогіі