Суббота, 12 октября 2024

Кляпацкія хлопцы задаюць тэмп! З’ездзілі ў ААТ «Жураўлінае» і паглядзелі, як працуе маладзёжны экіпаж

608

Часам даводзіцца чуць ад людзей сталага ўзросту: «Якія з маладых работнікі, адна назва, што працуюць, без жадання, без запалу ў вачах…» Магчыма, у нечым яны і маюць рацыю, але ж пра ўсю моладзь агулам такое гаварыць не варта, асабліва пра тых, хто працуе на вёсцы, ды яшчэ задзейнічаны на жніве. Аўтар гэтых радкоў некалі паспрабаваў сябе ў якасці ўдзельніка ўборкі, таму ўпэўнена сцвярджаю, што хлебаробы — людзі працавітыя і адказныя, інакш тут нельга.

Аляксей Курмыса і Георгій Шыян.

Сярод лідараў па намалоце зерня на жніве-2022 у раёне ідзе маладзёжны экіпаж з ААТ «Жураўлінае» ў складзе камбайнера Аляксея Курмысы і памочніка Георгія Шыяна. На 8 жніўня яны намалацілі 1178 тон з рапсам (без яго — 899 тон). Гэта другі вынік пасля маладзёжнага экіпажа з ААТ «Велікасельскае Агра». І гледзячы на шчырыя і адкрытыя твары хлопцаў з «Жураўлінага» вельмі хочацца верыць, што некалі і яны будуць першымі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, а, можа, яшчэ вышэй.

А чаму б і не? Камбайн «КЗС-1218 GS12» экіпаж атрымаў толькі сёлета, значыць, працуе ён без паломак, спраўна. А калі прыплюсаваць сюды жаданне Аляксея і Георгія, то ў іх усё павінна атрымацца. Бункер новай тэхнікі змяшчае ў сярэднім сем тон зерня, а за дзень удаецца намалаціць 70-80 тон. Канечне, у гэтай справе немалаважную ролю адыгрывае палетак, на якім працуюць.

А чым займаюцца члены маладзёжнага экіпажа ў, так сказаць, паўсядзённым жыцці?

Аляксей Курмыса.

Аляксей Курмыса ўжо на працягу дзесяці гадоў працуе ў гэтай жа гаспадарцы механізатарам, дарэчы, гэта яго адзінае месца працы. Юнак прыйшоў у «Жураўлінае» пасля заканчэння Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымаў прафесію агранома. Камбайнавы экіпаж узначальвае ўжо дзевяць сезонаў, а гэта гаворыць пра тое, што кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае» не баіцца давяраць адказныя ўчасткі работы маладым людзям, калі апошнія, у сваю чаргу, праяўляюць стараннасць і зацікаўленасць у станоўчым выніку.

Георгій Шыян.

У Георгія Шыяна працоўны стаж не такі вялікі. У сельгаставарыстве ён працуе першы год: прыйшоў на адпрацоўку пасля заканчэння УА «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці». І ўборка для Георгія — першая, але, як ён спадзяецца, не апошняя. Адчуваць сябе прыналежным да такой значнай падзеі, як жніво, для хлопца вельмі многа значыць, бо пасля ўборкі ты круглы год бачыш на стале ў кожнай сям’і хлеб, які быў здабыты ў тым ліку тваімі сіламі і потам.

Дарэчы, Аляксей і Георгій родам з аднаго населенага пункта, з аг. Клепачы.

Хочацца спадзявацца, што гэты маладзёжны экіпаж на сваім прыкладзе зможа паказаць сваім равеснікам, што маладосць — гэта тая пара, калі патрэбна праяўляць сябе са станоўчага боку, паказаць свае здольнасці. Тады цябе заўважаць, тады будзе табе пашана.

Вадзім Раўнейка. Фота Уладзіслава Шпарлы