Среда, 15 января 2025

«Клепачы» не прайгралі ні адной гульні і сталі пераможцамі турніра па валейболе памяці А.А.Салтруковіча

3 018

Два тыдні валейбольных сустрэч, 21 гульня. Такая статыстыка сёлетняга раённага турніру па валейболе, прысвечанага памяці А.А.Салтруковіча. На працягу многіх гадоў спартыўная падзея, арганізатар якой – раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец», збірае былых выхаванцаў таленавітага трэнера, валейбалістаў-аматараў. Спаборніцтвы прайшлі на пляцоўцы ДЮСШ №1.


На гэты раз за званне пераможцы змагалася сем каманд – на адну менш, чым летась. Сваю зборную не выстаўлялі філіял “Пружанскі раён газазабеспячэння” ВУ “Кобрынгаз” і ААТ “Пружанскі малочны камбінат”. Настаўнікі фізкультуры і валейбалісты-аматары, якія летась гулялі ў камандзе “Адукацыя” і сталі пераможцамі, сёлета аб’ядналіся ў зборную “У Алеся”. Былі на турніры і дэбютанты – каманда КУВП “Камунальнік”. І няхай першы блін у іх атрымаўся камяком, па словах арганізатараў, гульцы падарылі гледачам шмат добрых эмоцый і змаглі па-спартыўнаму адпачыць пасля працоўнага дня. Нездарма і дэвіз сёлетняга турніру “Спорт супраць шкодных звычак”.


Спаборніцтвы праводзіліся на кругавой схеме. Кожная каманда сустрэлася з усімі сапернікамі.

Па выніках валейбольных баталій максімальную колькасць ачкоў – 18 – набрала каманда “Клепачы”. Зборная жыхароў аграгарадка не прайграла ніводнай гульні і ўжо з першай сустрэчы захапіла лідарства. Не дзіўна, што “Клепачы” атрымалі кубак пераможцы. Дарэчы, фінансавую падтрымку ў набыцці падарункаў сёлета аказаў прафсаюз работнікаў АПК.


Складаная сітуацыя адбылася з другім і трэцім месцамі: адразу дзве каманды завяршылі турнір з 12 ачкамі. Усё вырашылася пасля таго, як арганізатары разлічылі суадносіны паміж пераможнымі і прайгранымі партыямі каманд. Перавага аказалася на баку зборнай валейбалістаў-аматараў “Алімп”. Гэтая каманда і заваявала сярэбраную ўзнагароду, а зборная “У Алеся” аказалася на трэцім месцы.

Былі вызначаны лепшыя гульцы турніру. Так лепшым злучным прызнаны Міхаіл Аблавушка (каманда “У Алеся”).

Як лепшы нападаючы ўзнагароджаны Андрэй Жук са зборнай “Лінова”.

А лепшым гульцом названы Раман Самасюк з каманды-пераможцы.

Цікавасць да турніру ў жыхароў раёна не зніжаецца, таму арганізатары перакананы: спаборніцтвы абавязкова адбудуцца і ў наступным годзе.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік.

Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_278643189