Среда, 30 апреля 2025

Віншаванні, узнагароджанні, «Уладары», «Дразды» і многае іншае: Клепачы адзначылі сваё свята (+фотаальбом)

560

Лета — гэта не толькі час адпачынку і весялосці, а яшчэ і магчымасць сустрэцца са сваімі аднавяскоўцамі, землякамі, роднымі і блізкімі. Канечне, размова ідзе пра чараду святаў вёсак у нашым раёне. І гэта ж, па праўдзе, цудоўна, бо дадзеныя мерапрыемствы даюць магчымасць яшчэ мацней злучыцца з роднай зямелькай, адчуць яе цеплыню і спазнаць векавую ісціну: у чалавека не будзе будучыні, калі адрокся сваіх каранёў, забыў, адкуль родам.

Напомніць пра адвечнае, адчуць сябе грамадзянінам сваёй непаўторнай краіны — гэтыя словы і пра дзень мілага, роднага краю — аграгарадка Клепачы.

Адразу зазначым, што свята ў Клепачах было наладжана на самым высокім узроўні. Можна было паласавацца чыпсамі з бульбы, салодкай ватай, марожаным, папкорнам, былі і цікавыя гульні, надзіманыя горкі. Выязны гандаль наладзіла і ААТ «Жураўлінае», была магчымасць у жыхароў і гасцей аграгарадка Клепачы пасядзець… культурна. Нават кот Васька прыйшоў на смачныя пахі. Дарэчы, падчас асабістай выставы аб бяспецы адпачынку ў чарговы раз напомнілі і прадстаўнікі МНС аддзялення «Клепачы».

Шмат цёплых слоў адрасавалі жыхарам аграгарадка Клепачы выступоўцы. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч падзякаваў усім за сумленную працу дзеля сваёй роднай старонкі, раёна, краіны ў цэлым. Словы падзякі выказаў і кіраўніцтву ААТ «Жураўлінае» за арганізацыю свята. Пажадаў усім міру, спакою на душы і простага чалавечага шчасця. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец канстатаваў, што наша краіна — гэта не проста геаграфічная адзінка, а месца, дзе жывуць працавітыя і адкрытыя людзі, якія проста хочуць спакойна працаваць. А Клепачы з’яўляюцца прыкладам дабрабыту і ўладкаванасці нашай дзяржавы.

Старшыня Мокраўскага сельсавета Вольга Грышкевіч адзначыла, што кожны жыхар аграгарадка ўнёс свой уклад у развіццё малой радзімы. Цяпер жа застаецца ўсё зберагчы, а па магчымасці прымножыць такую прыгажосць. А яшчэ Вольга Віктараўна ўручыла цудоўны каравай адной са старэйшых жыхарак Клепачоў Паўліне Фядотаўне Бялеста ў знак павагі людзям за іх адказнае стаўленне да работы, жаданне працаваць сумленна, з душой.

Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч пажадаў усім моцнага здароўя, удачы, узаемаразумення і нагадаў прысутным, што ў Клепачах жывуць самыя добрыя і працавітыя грамадзяне нашай краіны, якія па праве могуць з’яўляцца прыкладам адданасці любімай справе.

Які б вялікі ні быў аграгарадок Клепачы, але ўсё роўна жыхары ведаюць пра кожнага, хто чым жыве, аб чым марыць, як адносіцца да працы. І зразумела, няма нічога больш ганаровага, чым працаваць на такой цудоўнай зямлі, аддаваць ёй сваю любоў і пяшчоту. І дзяржава наша не пакідае без увагі лепшых работнікаў і нават цэлыя працоўныя дынастыі. У студзені 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медалём «За працоўныя заслугі» быў узнагароджаны галоўны аграном ААТ «Жураўлінае» Мікалай Іванавіч Місюля, у 2014 такой жа ўзнагароды была ўдастоена брыгадзір участка ўзнаўлення свінагадоўчага комплексу гаспадаркі Вольга Васільеўна Місюля. І зусім нядаўна, у сёлетнім сакавіку, медалём «За працоўныя заслугі» адзначылі і механізатара Аляксандра Місюлю. Згодна з добрай традыцыяй, Аляксандра Мікалаевіча запрасілі на сцэну, дзе дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Пішч уручыў мужчыне падарунак — сертыфікат на тэлевізар.

Не мінулі на свяце ўвагай і сям’ю Сахарукоў, якая пусціла ў Клепачах карані і стала прыкладам у працы на зямлі. У свой час Сцяпан Сахарук стаў працаваць трактарыстам у гаспадарцы. Тры яго сыны: Уладзімір, Сяргей і Аляксандр — засталіся ў родных мясцінах і папоўнілі брыгаду механізатараў. І вось ужо дзеці Уладзіміра — Аляксандр і Віталь — сталі побач з бацькам шчыраваць у роднай гаспадарцы. І вельмі прыемна, што маладосць таксама можа задаваць, як кажуць, жару. За адданасць сваёй рабоце Віталь Сахарук нядаўна быў узнагароджаны Падзячным лістом упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама і камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які і быў уручаны маладому механізатару падчас святочнага мерапрыемства.

Канечне ж, у ААТ «Жураўлінае» працуе шмат годных людзей, усіх не пералічыць. Многа і такіх, хто ўжо дасягнуў пенсіённага ўзросту, але працягвае працаваць дзеля дабрабыту роднай гаспадаркі. Сертыфікаты на падпіску абласной газеты «Зара» былі ўручаны Вользе Васільеўне Місюлі, Анатолю Станіслававічу Сакалоўскаму, Марыі Мікалаеўне Вялюк і Любові Мікалаеўне Місоўскай.

Прымала віншаванні і каманда спартсменаў з сельгаставарыства, якая на нядаўнім турыстычным злёце заняла годнае другое месца. Спартсмены ўдзельнічалі ў фінале рэспубліканскай галіновай спартакіяды ў складзе абласной каманды, якая заваявала перамогу. З гэтай нагоды на сцэну для віншавання запрашаліся Марына Сяргееўна Ганчар, Алена Мікалаеўна Велясюк, Юлія Вадзімаўна Карпінчук.

У ААТ «Жураўлінае» заўсёды цесная сувязь са школамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі гаспадаркі. Зусім нядаўна для малодшых школьнікаў была праведзена экскурсія на малочнатаварны комплекс «Клепачы». Пасля быў аб’яўлены конкурс «Лепшы малюнак або выраб», па ўмовах якога патрэбна было выявіць тое, што больш за ўсё спадабалася на экскурсіі.

Стараліся і дзеці, і іх бацькі. І як тут выбраць лепшага? Калі ў такой справе ўзнікае цяжкасць, выйсце адно — узнагародзіць усіх канкурсантаў. Што было і зроблена на свяце. Дарэчы, саму выставу «Ферма вачыма дзяцей» можна паглядзець у адміністрацыйным будынку сельгаставарыства.

Народная мудрасць гаворыць: той род добры, дзе пажылым павага і любоў, і тое свята слаўнае, дзе ім галоўнае месца. Славіцца аграгарадок Клепачы і сваімі старэйшымі жыхарамі. Для ўшанавання падымаліся на сцэну Лідзія Серафімаўна Чарапенька, Любоў Мікалаеўна Паўленка, Алена Анатольеўна Красько, Вольга Іванаўна Дайлід, якім споўнілася 85 гадоў. З васьмідзесяцігадовым юбілеем віншавалі Ганну Сямёнаўну Сушу, Ніну Міхайлаўну Танскіх, Паўліну Фядотаўну Бялеста і Валянціну Аляксандраўну Дзегцярову. Гучалі шчырыя пажаданні здароўя і доўгіх гадоў жыцця, цёплых і сонечных дзён.

Нараджэнне дзіцяці — самая важная падзея ў жыцці любой сям’і. З ліпеня 2022 года па дзень сённяшні ў аграгарадку нарадзілася дзевяць дзетак. Сваю мінуту славы прымалі бацькі Кіры Дзяшко, Мацвея Кінальчука, Васілісы Сахарук, Стэфаніі Лепчанка, Вікторыі Баран, Макара Кічкайлы, Ясміны Марушэнка, Дзяніса Марданя і Мацвея Яроцкага. Вось і новы віток жыцця, наша надзея на светлае будучае краіны.

Новая традыцыя ў Клепачах — ушанаванне юбіляраў сямейнага жыцця. Бо стварыць і захаваць сям’ю, пражыць рука аб руку, у адным рытме біцця сэрца здольны толькі людзі, якія моцна кахаюць адзін аднаго. Віншавалі Дзмітрыя Фёдаравіча і Вольгу Аляксандраўну Марданёў з нагоды брыльянтавага юбілею сумеснага жыцця.

А што з музычнымі выступленнямі? Не хвалявацца! Жыхары аг. Клепачы і госці свята ў поўнай меры змаглі адчуць задушэўнасць песень самадзейных артыстаў, якія на працягу свята дарылі людзям пазітыў і цудоўны настрой.

Вельмі запальным было выступленне народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Уладары» з Ваўкавыска. Тут ужо і танцы пачаліся, куды ж без іх на такім свяце?

І на завяршэнне… выступленне беларускага гурта «Дразды» з вядомымі кожнаму беларусу песнямі. Хлопцы змаглі перадаць сваю энергетыку прысутным, таму кожны падпяваў, адчуваючы еднасць са сваімі суседзямі, землякамі, усёй нашай непаўторнай краінай.

Свята прайшло. Наступілі працоўныя будні. Але людзі атрымалі зарад пазітыву і надзею, што ў наступны раз на дзень любімага аграгарадка будзе гэтулькі ж радасці, шчырых усмешак. І, магчыма, Клепачы стануць яшчэ больш атуленымі кветкамі і парадкам. Усё, паважаныя, у нашых руках!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы са свята: https://vk.com/album-23306785_294320070 і https://ok.ru/budni/album/963996279688