Пачаўся чарговы ацяпляльны сезон, які не ўсе сустракаюць падрыхтаванымі. Тым, у каго ёсць цэнтральнае ацяпленне, значна прасцей, бо ўсе адпаведныя работы за іх выканаюць адказныя службы. Уладальнікі газавых катлоў таксама не нагружаны падрыхтоўкай, спадзеючыся на бездакорнасць выкарыстоўваемага абсталявання. Аднак на Пружаншчыне нямала дамоў, гаспадары якіх працягваюць карыстацца пячным ацяпленнем. Вось з ім значна больш клопатаў.
З улікам гэтага цяпер у першую чаргу выратавальнікі праводзяць абследаванне супрацьпажарнага стану печак домаўладанняў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Работнікі МНС інспектуюць стан комінаў на гарышчах прыватных дамоў, стан дзверцаў топачных камер. Асаблівая ўвага надаецца курэнню ў пакоях, бо на сённяшні дзень гэта адна з самых распаўсюджаных прычын узнікнення пажараў. Прадстаўнікі МНС праводзяць прафілактычныя гутаркі з домаўладальнікамі аб недапушчэнні курэння ў ложку, тым больш у стане алкагольнага ап’янення. Асобы, якія злоўжываюць спіртным, у большай ступені рызыкуюць сваім жыццём.
Таксама выратавальнікі правяраюць наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Нават пры нязначным задымленні прыбор дасць гучны гукавы сігнал, які можа абудзіць спячага чалавека. Або пачуюць суседзі, якія патэлефануюць у службу выратавання па нумары 101 або 112.
Не мінаюць выратавальнікі і тыя адрасы, па якіх жывуць састарэлыя грамадзяне: нагадваюць аб неабходнасці выконваць правілы пажарнай бяспекі.
Разам з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях мы таксама пабывалі ў некаторых населеных пунктах раёна. У той дзень інспектару сектара нагляду і прафілактыкі РАНС Канстанціну Станкевічу неабходна было праверыць шэраг домаўладанняў у вёсках Арабнікі і Вялікія Якавічы. У работніка загадзя гатовы спіс адрасоў, якія абавязкова варта наведаць. Там жывуць або састарэлыя адзінокія, якім патрэбна дапамога, або тыя, хто злоўжывае алкаголем, і за такімі патрэбны асаблівы кантроль. У чым і пераканаліся непасрэдна падчас наведвання.
Гаспадар аднаго з дамоў якраз сядзеў у хаце з запаленай цыгарэтай. Мяркуючы па «парадку» ў пакоях, гэта трывалая звычка, якая пагражае сур’ёзнымі наступствамі. Безгаспадарлівасць выступала літаральна з усіх куткоў, бо мужчына за іншымі «захапленнямі» не знаходзіць часу, каб прыбрацца. Нават адну з печак яму адрамантавалі работнікі сацыяльнай службы. А другая, відавочна, таксама чакае пабочнага ўмяшальніцтва. Работнік РАНС таксама праверыў і стан аўтаматычнага пажарнага апавяшчальніка, які сіратліва ляжаў закінуты на шафу.
А вось у суседкі, якая значна старэйшая за гэтага мужчыну, наадварот, панаваў парадак. Дагледжана і печка, і АПВ у добрым стане ахоўвае спакой гаспадыні.
— Ды і як інакш, бо гэта мая бяспека, маё жыццё, — зазначае жанчына.
І падобныя выказванні мы пачулі ад многіх жыхароў Арабнікаў і Вялікіх Якавічаў. Вось толькі на дзясятак добрых гаспадароў заўсёды знаходзіцца адзін гультай або выпівака. І ён стварае пагрозу для ўсіх суседзяў, бо агонь, калі разгуляецца, аднолькава шкодзіць і добрым, і дрэнным.
Выратавальнікі нагадваюць, што яшчэ ёсць час правесці падрыхтоўчыя работы да ацяпляльнага сезона.
— Пра тое, што нельга складзіраваць дровы і іншыя лёгказапальваемыя матэрыялы каля печкі, ведаюць многія, — зазначае Канстанцін Станкевіч. — Як і пра тое, што побач з топкай трэба набіць бляху вызначанага памеру, а на самой печцы ніколі не складваць рэчы, якія могуць загарэцца.
А вось, па словах работніка МНС, пра тое, што трэба рэгулярна бяліць комін, не ўсе ведаюць. А звычайная пабелка хутка падкажа, дзе ўтварылася небяспечная расколіна. Таксама трэба перыядычна чысціць комін ад сажы, якая таксама можа загарэцца і надыміць у хаце. Пра што інспектар абавязкова нагадваў уладальнікам жылля. Абнадзейвае, што многія ставіліся да яго слоў з разуменнем.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік