Суббота, 6 декабря 2025

Клапаціцца аб кожным працаўніку

293

На мінулым тыдні ў ААТ «Жураўлінае» прайшоў семінар-вучоба па ахове працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу Брэстчыны.

Зразумела, што дома ты сам адказваеш за сваё здароўе, ніхто не будзе вінаваты, акрамя цябе самога, калі паранішся ці пагрэбуеш элементарнымі правіламі бяспекі. Іншая справа, калі знаходзішся на працы. Канечне, і тут павінен выконваць інструктаж на рабочым месцы. Але ж з наймальніка ніхто абавязкаў не здымае: ён павінен стварыць усе ўмовы, каб працаўнік не нанёс шкоды свайму здароўю. А пасля трымаць на пастаянным кантролі спраўнасць тых жа станкоў, іншага абсталявання, любой тэхнікі, наяўнасць аптэчак і інш.

Мерапрыемства распачалося з наведвання машынна-трактарнага парка «Клепачы», куды прыбылі спецыялісты абкама прафсаюза, старшыні раённых, аб’яднаных і буйных пярвічных прафарганізацый на чале са старшынёй Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандрам Саланевічам. Удзельнікаў семінара шчыра вітала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова, пасля чаго перадала слова члену Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктару ААТ «Жураўлінае» Аляксандру Пішчу. Аляксандр Іванавіч расказаў пра асноўныя напрамкі дзейнасці гаспадаркі, адзначыў, што галоўным фактарам высокіх дасягненняў сельгаставарыства з’яўляецца шчыры вясковы працаўнік. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб яму працавалася з задавальненнем, не даводзілася баяцца за сваё здароўе.

Экскурсія пачалася з наведвання Дома механізатара, дзе адбылося знаёмства з утульнай сталовай і працэсам забеспячэння гарачым харчаваннем работнікаў, а таксама класам аховы працы, аснашчаным усім неабходным для вучобы па бяспецы жыцця. Па самім машынна-трактарным парку прысутных правёў намеснік дырэктара па механізацыі Сяргей Дудко. Сапраўды, было што пераймаць. Кожны бокс аснашчаны сродкамі пажаратушэння, усюды прыняты меры па супрацьдзеянні траўматызму, маюцца журналы інструктажу па ахове працы, шыльдачкі з аглядам абсталявання. Можна было заглянуць у аўтамабіль для падвозу гарачай ежы, які таксама ўкамплектаваны столікам і стульчыкамі. А чаго каштуе лазня з басейнам!

Адметна, што на тэрыторыі мехдвара была арганізавана і выстава спецыяльнага адзення і абутку ад ТАА «Уніформа» (аг. Шчарчова). І адразу з’явілася многа зацікаўленых: які кошт, дзе можна набыць, нават некаторыя тут жа прымервалі на сябе.

Усё разгледзелі, удакладнілі і перамясціліся ў гасцінічна-турыстычны комплекс «Мікалаеўскі» ў в. Мокрае. Падчас пасяджэння перад прысутнымі выступілі старшы дзяржаўтаінспектар Пружанскага РАУС Павел Фядун і намеснік начальніка РАНС Канстанцін Хованец, інфармацыю аб санітарна-гігіенічных патрабаваннях пры арганізацыі харчавання падчас палявых работ давяла памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ Алена Павідайка.

У ААТ «Жураўлінае» ўсё трымаецца на строгім кантролі, на гэтым акцэнтавала ўвагу вядучы інжынер па ахове працы гаспадаркі Галіна Валюшка. Таму работа па забеспячэнні сродкамі індывідуальнай абароны наладжана на самым высокім узроўні. І, па словах старшыні пярвічнай прафарганізацыі Таццяны Максімовіч, грамадскія інспектары па ахове працы, як і сам прафсаюз, нераўнадушныя да сваіх людзей, усяляк іх падтрымліваюць.

Галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза Сяргей Канюшка адзначыў, што задача кожнага з прысутных — пастаянна стаяць на варце бяспекі жыцця кожнага працаўніка, адстойваць яго правы.

Гэта ж у заключным слове падтрымаў і старшыня Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. А яшчэ падкрэсліў, што работа па ахове працы пастаянна павінна ўдасканальвацца, быць эфектыўнай, бо ад гэтага, несумненна, залежыць і вынік дзейнасці любога сельгаставарыства. Словы не пустыя, яны скіраваны на захаванне самага дарагога ў чалавека — жыцця. Бо другога не дадзена.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік