Воскресенье, 19 января 2025

Чым кітайца Чжан Сюня Пружаншчына зацікавіла

493

Што такое адлегласць у амаль 10 тысяч кіламетраў у наш час? Нішто для дзяржаў і сапраўдных сяброў, як даказвае гісторыя беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. І нішто для чалавека, як сведчыць прыклад Чжан Сюня з кітайскага Гуанчжоу. Днямі гэты няўрымслівы чалавек наведаў нашу Пружаншчыну.

Сюнь закончыў філфак БДУ ў г. Мінску і зараз вучыцца ў аспірантуры. Гэта, здаецца, невялікая дробязь у наш час, калі замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ тысячы. Вось толькі спадар Чжан адзін, які настолькі захапіўся беларускай культурай, што стаў вывучаць яе вытокі. І не проста знаёміцца, а збіраць, занатоўваць, засвойваць. З такой нагоды ён на мінулым тыдні па запрашэнні пружанскіх сяброў і наведаў нашу глыбінку.

Мы пазнаёміліся на вечарыне, якую для кітайскага госця ладзілі работнікі Палаца культуры. Спецыяльна для яго свае выступленні падрыхтаваў народны хор «Чырвоны гваздзік» з выкананнем беларускіх песняў. І хаця спадар Чжан вельмі неахвотна адарваўся ад праслухвання цудоўных нумароў, нам удалося пагаварыць. Без перакладчыка.

Аказалася, што ў захаплення Сюня нашым фальклорам ёсць грунтоўная прычына. І ўвогуле не трывіяльная, а самая вялікая Ідэя. Яму жадаецца ўвабраць у сябе ўсю маштабнасць беларускай культуры, каб потым прадэманстраваць яе сваім землякам.

— Мы працяглы час выдатна супрацоўнічаем, але больш эканамічна, — зазначыў кітайскі госць. — Мы — добрыя партнёры, на міжнароднай арэне, у гандлі і абмене тэхналогіямі. Але назваць нас сябрамі складана, бо і вы пра Кітай, і мы пра Беларусь мала ведаем. У нас толькі павярхоўныя зносіны, без паглыблення. А ўзаемны культурны абмен зробіць нас сапраўднымі сябрамі. Наўрад ці мне хопіць сіл і энергіі паказваць мясцовым людзям усю глыбіню Кітая. Аднак я спадзяюся, што змагу перадаць прыгажосць Беларусі ў легендах, паданнях, песнях сваім землякам.

У нататках Сюня сотні сабраных сюжэтаў, ён вывучыў і выдатна спявае «Купалінку», ведае пра паданні Нясвіжа, Міра, Полацка і іншых нашых старажытных гарадоў.

— А цяпер пазнаёміўся і з легендамі Пружаншчыны, наведаўшы Ружанскі і Пружанскі палацы. А яшчэ мяне вельмі здзівілі вашы дзеці: яны выдатныя — непасрэдныя і жвавыя.

У Пружанах спадар Чжан яшчэ стаў удзельнікам сустрэчы «Сто пытанняў для дарослага», якая была арганізавана ў гімназіі. І там госць вельмі разгубіўся, бо дзятва літаральна засыпала яго пытаннямі, якіх было значна больш за сотню.

Дык якая адлегласць сёння зможа стрымаць чалавека ад маштабных учынкаў? Ніякая, калі ёсць жаданне не ваяваць, а будаваць сяброўства. Не шкодзіць адзін аднаму, а зразумець суседа па планеце, адшукаць кропкі супадзення інтарэсаў. Жыць, як завяшчалі нашы продкі, у міры і спагадзе.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік