Напрыканцы красавіка ў гарадскім Палацы культуры і ў ДУА «Ружанская сярэдняя школа» ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама былі праведзены маладзёжныя кірмашы вакансій.
Галоўная мэта падобных мерапрыемстваў — аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні навучэнцкай і студэнцкай моладзі. Менавіта таму 24 красавіка ў гарадскім Палацы культуры можна было назіраць немалую колькасць вучняў выпускных класаў з розных школ нашага раёна.
Агітбрыгада ўстановы адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» падрыхтавала невялікае выступленне, у якім моладзі было прапанавана вырашыць пытанне з паступленнем, стаць часткай вялікай каманды навучальнай установы.
Узняла прысутным настрой і зарадзіла на прадуктыўную работу навучэнка 2 курса Лізавета Горбань, якая выканала песню пра любімую Беларусь.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама былі падрыхтаваны спісы свабодных працоўных месцаў і вакансій у Пружанскім раёне. А ў буклетах і іншых раздатачных матэрыялах утрымлівалася карысная інфармацыя, звязаная з дзейнасцю той ці іншай арганізацыі.
Калі ж узнікалі дадатковыя пытанні, адказаць на іх маглі непасрэдна наймальнікі, сярод якіх былі прадстаўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый Пружанскага раёна, такіх як «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», «Пружанская ПМК-21», «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі», «Шарашоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», Пружанскае КУВП «Камунальнік», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Шані-аграпрадукт», «Жураўлінае», «Мурава», «Агра-Калядзічы», «Ліноўскае», філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі».
Удзел у кірмашы прынялі таксама прадстаўнікі раённага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». У прыватнасці, у іх можна было атрымаць інфармацыю наконт удзелу ў працы студэнцкіх атрадаў у летні перыяд.
Дарэчы, магчымасцю задаць свае пытанні скарысталіся многія.
А 26 красавіка аналагічнае мерапрыемства прымала ДУА «Ружанская сярэдняя школа». У гэтым кірмашы вакансій прымалі ўдзел прадстаўнікі ААТ «Радзіма», «Ружаны-Агра», філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», санаторыя «Ружанскі», УАЗ «Пружанская ЦРБ» і «Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы», Пружанскага райкама ГА «БРСМ». І тут таксама будучыя выпускнікі змаглі атрымаць разгорнутыя адказы на свае пытанні.
Сярод вучняў гарадскіх школ, якія прымалі ўдзел у маладзёжных кірмашах вакансій, былі і тыя, хто ўжо цвёрда вырашыў звязаць сваю будучыню з пэўнай прафесіяй. Сваімі меркаваннямі з нагоды выбару шляху яны і падзяліліся з карэспандэнтам.
Дзмітрый Клімец, СШ № 5:
— Выпускаюся сёлета са школы і ўжо выбраў той напрамак, у якім хачу працаваць у будучым. Гэта спецыяльнасць, звязаная з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Мне вельмі падабаецца праграмаванне, таму і абраў яе. Хачу паступіць у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
Валерыя Вярхоўцава, СШ № 4:
— Таксама сёлета заканчваю школу і хачу паступіць на спецыяльнасць «Трэнер па валейболе» ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Не проста вяду актыўны лад жыцця, але і вельмі люблю дадзены від спорту. Гэта і стала асноўнай прычынай выбару будучай прафесіі.
Віталій Папко, СШ № 4:
— І я ўжо вызначыўся з выбарам прафесіі. Жадаю стаць лесаводам. Таму планую паступаць у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Лясная гаспадарка». Галоўнай прычынай, па якой абраў такі накірунак, з’яўляецца прыклад маіх таты і роднага брата, якія працавалі ў лясной галіне.
Падрыхтаваў Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Больш фота з кірмаша вакансій ў Пружанах — у альбоме: https://vk.com/album-23306785_302442419 і https://ok.ru/budni/album/977969986184