Сапраўды, сёлетняя «Пружанская восень» стала адным з самых маштабных мерапрыемстваў бягучага года, сумяшчаючы і сам кірмаш, і святочную атмасферу ў фармаце «дажынак». Абедзве часткі гарманічна дапаўнялі адна адну. І тыя, хто у мінулую суботу пабываў на гарадскім кірмашы, набылі нямала каштоўнага — і для цела, і для душы.
«Пружанская восень» — залатая восень
Адразу варта адзначыць маштабнасць арганізаванага гандлю, які па аб’ёмах істотна пераўзышоў мінулагодні. У прыватнасці, на вуліцы Савецкай ад скрыжавання з Янкі Купалы і да павароту на Тармасава размясціліся прыватныя палаткі. Пераважная большасць была аддадзена прадаўцам адзення і іншых прамысловых тавараў. Тут можна было прыдбаць новыя ўборы, паліто ці боты. Іншыя набывалі інвентар для дачы, хатнія прылады, сувеніры… Часта наведвальнікі спыняліся каля кропкі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе былі выстаўлены работы выхаванцаў, а яшчэ вырашчаны ўласнаручна «Лавандавы рай».
Далей працягвалася «сельскагаспадарчая» частка, дзе побач з дарамі лесу, прыватных агародаў можна было набыць мёд, чайныя зборы, прыправы, расаду кветак і іншае. Вялікая чарга стварылася каля кропкі з жывой рыбай: тут можна было набыць галоўны інгрэдыент для юшкі па цане ад 4,65 да 7,50 рубля за кілаграм. Побач праводзіў сваю акцыю Бярозаўскі камбікормавы завод, які акрамя асноўнай прадукцыі па зніжаным кошце прапанаваў танную тушонку. А яшчэ — самыя свежыя курыныя яйкі ад Аранчыцкай птушкафабрыкі.
Пасля да самых святлафораў кожны метр быў падзелены паміж арганізацыямі — сельгаставарыствамі, пружанскімі кааператарамі і фермерамі. Вось тут была выстаўлена любая агародніна. У прыватнасці, цыбулю можна было купіць па цане 1 р. 10 кап.—1 р. 20 кап., капусту — 1—1,07, бульбу — пераважна па рублю за кіло, але «канкурэнты» з філіяла «Айчына» спачатку адчувальна «ламалі бізнэс», прапануючы «брыз» па 70 капеек. Але ў іх запасы хутка скончыліся, і тыя, хто не паспеў, пайшлі да фермераў. Дарэчы, машына з Кабылаўкі сваё месца не пакінула і працягвала завабліваць пакупнікоў, але ўжо яблыкамі. Ды такімі дзіўнымі, што многія нават і не чулі такіх сартоў — «фуджы», «цялеста» і іншыя. Паспытаць «экзотыку» можна было за 1,20—1,30. Яшчэ ў гэтым радзе можна было набыць моркву па 90 кап., часнок па 7,15, а яшчэ салодкі і горкі перцы, памідоры, буракі, баклажаны…
Як паведамляе аддзел эканомікі райвыканкама, выручка ад кірмашу аказалася таксама «ўраджайнай». Па папярэдніх падліках, абарот склаў больш за 100 тысяч рублёў. Па словах начальніка аддзела Ірыны Ліхтаровіч, папулярнымі стала бульба (рэалізавана больш за 10 тон), збожжа (больш за 32 тоны), яблыкі (каля 2 тон).
Пляцоўка каля «Белых лавак» традыцыйна адводзілася пад гандаль саджанцамі — дрэўцаў і кустоўя. Як расказвае пружанец Сяргей Лапука, які шмат гадоў прывозіць на кірмаш саджанцы, гандаль заўсёды ідзе бойка, купляюць аматары і вішню, і яблыні, і сліву. А яшчэ персік, чарэшню, таму што саджанцы былі вырашчаны менавіта на Пружаншчыне, а значыць, звыклыя да мясцовага клімату.
— Нават з’явіліся пастаянныя кліенты, якія не толькі рэгулярна купляюць новыя сарты, але і кансультуюцца па адпаведных пытаннях, — расказаў прадавец.
Побач на алеях свае гандлёвыя кропкі выставілі вядомыя ў раёне (і нават за яго межамі) пружанскія вытворцы мяса-малочнай прадукцыі — ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Жураўлінае». Побач з гандлёвымі прылаўкамі была арганізавана дэгустацыя сыроў, каўбаснага асартыменту, а яшчэ натуральных сокаў ад «Ляхавіцкага кансервавага завода», якім, дарэчы, кіруе наш зямляк — Аляксандр Вашчук. Варта сказаць, што і дэгустацыя, і далейшы продаж прайшлі маштабна.
А яшчэ на гэтым жа ўчастку можна было перакусіць шашлыком, папіць свежага квасу. А ў палатцы Пружанскага лясгаса набыць венікаў для лазні і нават сетачку… колатых дроў разам з тушанай дзічынай.
Асобна трэба спыніцца на пляцоўцы за Палацам культуры, дзе традыцыйна размяшчаліся аптовыя гандляры — сельгаставарыствы Пружанскага раёна. Тут продаж ішоў сеткамі з агароднінай і мяшкамі са збожжам. Апошняе ў асноўным было прадстаўлена пшаніцай і трыцікале, ячменю прапанавалі нямнога. Здзівілі пакупнікоў прадаўцы з «Агра-Калядзічаў». Як расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гук, папярэдне чулі ад пакупнікоў просьбы прывезці зерне кукурузы і вырашылі паспрабаваць сёлета ўвесці такую прапанову.
— Мы прывезлі каля трох тон па цане 24 р. за мяшок, і літаральна за гадзіну ўсё прадалі, — паведаміў Аляксандр Васільевіч.
Увогуле пшаніцу можна было набыць па 22 р. за мяшок (40 кг), а трыцікале — па 20 р. Гэта сярэдняя цана, некаторыя прадавалі дзешавей: напрыклад, першымі ўвесь аб’ём рэалізавалі прадаўцы з «Велькасельскага Агра».
Свята, як на «дажынках»
Культурная праграма «Пружанскай восені» была не менш захапляючай, разлічанай на ўсе ўзросты — ад малога да вялікага. Тут маглі пазабаўляцца бацькі з дзецьмі, для іншых быў арганізаваны відовішчны канцэрт сіламі самадзейных артыстаў. А яшчэ захапляў вясковы падворак з інтэрактыўнай праграмай, гандлёвыя рады «Горада майстроў».
Ад рэдакцыі. У гэтай «бочцы мёду» не абышлося без «лыжкі дзёгцю», на што звярталі ўвагу многія наведвальнікі кірмашу. Першая акалічнасць звязана з наяўнымі грашыма: пасля 10 гадзін раніцы грошы ў банкамаце скончыліся і жвавы гандаль застаўся толькі там, дзе прадаўцы мелі апараты для разліку карткамі. Праўда прадбачлівыя пакупнікі загадзя знялі грошы. Па сведчанні некаторых чытачоў, сітуацыя з недахопам наяўных грошай была па ўсім горадзе.
Па-другое, складаная дарожная сітуацыя склалася на вуліцы Сацыялістычнай, дзе многія наведвальнікі кірмашу пакідалі аўтамабілі і заміналі іншым праезд бліжэй да гандлёвых кропак. Магчыма, варта на такія мерапрыемствы часткова забараніць там стаянку: пад’ехалі — загрузіліся — вызвалілі, таму што адбываліся аварыйныя сутыкненні.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з кірмаша: https://vk.com/album-23306785_304590152 і https://ok.ru/budni/album/984377276552