Воскресенье, 19 января 2025

Кіраўнік Брэсцкай вобласці Пётр Пархомчык падчас прэс-канферэнцыі адказаў на хвалюючыя пытанні і расказаў пра планы #1рэгіёна

190

Прэс-канферэнцыя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка прайшла напярэдадні значнай даты — 85-годдзя з дня заснавання першага рэгіёна ў рэканструяванай, адрамантаванай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага.

Дарэчы, размова з губернатарам Брэстчыны праходзіла ў канферэнц-зале абласной бібліятэкі не проста так. Справа ў тым, што адбылося адкрыццё старога, але такога ўжо новага, сучаснага храма ведаў, кніг, духоўнасці.

У канферэнц-зале сабраліся журналісты сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны, а таксама цэнтральных газет і тэлебачання. Адзначу, што больш за дзве гадзіны работы прэс-канферэнцыі час праляцеў даволі хутка. Губернатара было цікава слухаць, ён, нягледзячы на тое, што зусім нядаўна прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, валодае сітуацыяй дасканала. Гэтае веданне Пётр Аляксандравіч растлумачыў тым, што добра знаёмы з Брэсцкім рэгіёнам. Гэтае знаёмства адбылося, калі ён узначальваў Міністэрства прамысловасці, затым працаваў на пасадзе віцэ-прем’ера. На Брэстчыне часта быў. Ведае, што тут працуюць старанныя, дысцыплінаваныя людзі, прафесіяналы сваёй справы.

Пытанняў было шмат. На ўсе старшыня аблвыканкама адказваў грунтоўна з веданнем справы. Напрыклад, на пытанне калегі з газеты «Брэсцкі веснік» Уладзіслава Грыбанава, як зрабіць работу прадпрыемстваў і эканомікі цалкам больш эфектыўнай, Пётр Аляксандравіч сказаў, што паспяховым прадпрыемствам Брэсцкай вобласці, у большасці гэта перапрацоўчыя прадпрыемствы мяса-малочнага профілю, рабіць маркетынг асабліва не трэба. Іх прадукцыя і так добра прадаецца не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім. Засталося толькі забяспечыць іх якаснай сыравінай, каб поўнасцю задзейнічаць магутнасці. Для гэтага неабходна будаваць фермы для буйной рагатай жывёлы, асабліва для свіней. Чаму асабліва для гэтых жывёл? Таму што тушы прыходзіцца завозіць з суседніх рэгіёнаў. Гэта таксама нядрэнна, бо перарабляем іх у тавар з высокай спажывецкай актыўнасцю, тым самым зарабляем неблагія грошы. Але лепш вырасціць сваё, чым купляць чужое.

Пётр Пархомчык акцэнтаваў увагу на тым, што ў паўднёва-заходнім рэгіёне шукаюць новыя кропкі для росту прамысловых прадпрыемстваў. У прыватнасці, старшыня аблвыканкама расказаў аб перспектывах развіцця завода «Брэстмаш». Прадпрыемства нарошчвае аб’ёмы выпуску легкавога транспарту. Напрыклад, плануецца зборачная вытворчасць мінівэнаў. Таксама ў гэтым годзе рэалізаваны праект па выпуску сіліконавых патрубкаў, якія карыстаюцца попытам не толькі на Брэстчыне, але і ў рэспубліцы. «Зараз адпрацоўваем працяг гэтай тэмы — гуматэхнічныя вырабы для нашых канвеераў. Вядзём перамовы з кітайскімі партнёрамі, каб ёмістасць была большай, чым яна ёсць на «Брэстмашы», — расказаў Пётр Аляксандравіч.

Плануецца ў Баранавічах наладзіць выпуск сучасных халадзільнікаў — лепшых за «Атланты». Праект гэты не мройны, ужо хутка ажыццявіцца.

На пытанне аб рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект», Пётр Пархомчык адказаў, што ў першым рэгіёне рэалізуецца 31 інвестыцыйны праект. Тым не менш важна засяродзіцца на якасным складальніку, а не на колькасці. Неабходна ствараць рабочыя месцы, каб не было адтоку людзей за межы раёнаў.

Былі і іншыя пытанні. На ўсе кіраўнік вобласці даў падрабязныя адказы.

Віктар Ільюшчанка

Фота з Telegram-канала #1регион