Вторник, 14 января 2025

Кіраўніцтва раёна сустрэлася з маладымі спецыялістамі (+ многа фота)

579

У 2022 годзе ў Пружанскі раён прыбылі 214 маладых спецыялістаў. З іх 66 чалавек з вышэйшай адукацыяй, 107 — з сярэдняй спецыяльнай і 41 — з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

25 лістапада ў вялікай зале райвыканкама адбылася сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.

Гасцей сустракала  галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Пасько. Яна ўручала буклеты з карыснай інфармацыяй і памятныя сувеніры, маладым людзям прадэманстравалі відэавізітоўку нашага раёна.

Затым старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч прывітаў маладых спецыялістаў, акрэсліў мэты сустрэчы і выказаў спадзяванне на плённы дыялог.

Пасля выканання Гімна Рэспублікі Беларусь слова ўзяў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік. Ён падкрэсліў, што ўжо зараз маладое пакаленне ў пэўнай ступені вызначае лёс прадпрыемстваў і арганізацый, а з часам возьме кіраванне ў свае рукі. Таксама Аляксандр Канстанцінавіч прадставіў удзельнікаў сустрэчы.

З асноўнымі сацыяльнымі гарантыямі, якія прадугледжаны заканадаўствам і калектыўнымі дагаворамі арганізацый для маладых работнікаў, аўдыторыю азнаёміў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Дзмітрый Чайкоўскі.

Старшыня маладзёжнага парламента пры Пружанскім раённым Савеце дэпутатаў Дзяніс Цямчык расказаў аб магчымасцях самарэалізацыі моладзі, перспектывах кар’ернага росту. Ён запэўніў прысутных, што меркаванні маладых людзей не застаюцца незаўважанымі кіраўніцтвам, падкрэсліў, што многае залежыць ад ініцыятывы, а нестандартныя ідэі дапамогуць змяніць жыццё раёна ў лепшы бок, галоўнае — не баяцца іх выказваць.

Перад мерапрыемствам маладыя спецыялісты прайшлі анкетаванне, па выніках якога было высветлена, што большасць з іх хвалюе пытанне наяўнасці арэнднага жылля. Пра магчымасці яго атрымання расказаў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Бушук.

Далей перад аўдыторыяй выступіла дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне Ірына Рапейка. Яна паведаміла пра віды страхавання, якія традыцыйна запатрабаваны сярод маладых спецыялістаў.

Галоўны спецыяліст цэнтра банкаўскіх паслуг № 122 ААТ «ААБ Беларусбанк» Іна Шарашовец азнаёміла прысутных з магчымасцямі льготных крэдытаў.

Пра асаблівасці прызыву маладых спецыялістаў, а таксама магчымасці атрымання адтэрміноўкі ад праходжання воінскай службы расказаў начальнік групы прызыву на воінскую службу ваеннага камісарыята Пружанскага раёна Андрэй Якімовіч.

Намеснік старшыні раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Юрый Карповіч з дапамогай прэзентацыі прадставіў увазе маладых спецыялістаў работу аб’яднання за апошнія гады, распавёў пра акцыі, якія арганізоўваюцца актывам, акрэсліў напрамкі работы аб’яднання і заклікаў далучацца да «Белай Русі».

Магчымасць выказацца была і ў маладых спецыялістаў. Прадстаўніца Брэсцкай абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі Ульяна Апаляйчук падзякавала арганізатарам сустрэчы, адзначыла сапраўдную важнасць і карысць мерапрыемства, а яшчэ запэўніла кіраўніцтва, што маладыя прафесіяналы іх не расчаруюць.

Падводзіў вынікі сустрэчы старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён расказаў, як сам падыходзіў да падбору кадраў, падкрэсліў, што шукаў менавіта каманду. Міхаіл Міхайлавіч паведаміў, што на сённяшні дзень перад кіраўніцтвам раёна стаіць задача зрабіць усё, каб першае працоўнае месца не стала для юнакоў і дзяўчат проста адпрацоўкай.

Старшыня райвыканкама шчыра цікавіўся, што турбуе маладых спецыялістаў, чаго не хапае на працоўных месцах, якія ёсць праблемныя пытанні.

Хтосьці сутыкнуўся з няўважлівасцю кіраўніцтва, нехта не зусім зразумеў свае працоўныя абавязкі, гучалі і «надзённыя» пытанні: пра наём жылля, грамадскі транспарт і нават пра кепскае ацяпленне працоўнага месца. Міхаіл Міхайлавіч уважліва выслухаў кожнага маладога спецыяліста, даў слушныя каментарыі і паабяцаў узяць на кантроль праблемныя моманты.

Пасля афіцыйнай часткі маладыя людзі мелі магчымасць асабіста паразмаўляць з кіраўніцтвам раёна, і многія ёй скарысталіся. Завяршыў сустрэчу сумесны паход у кінатэатр «Спадарожнік».

Спадзяёмся, што большасць маладых спецыялістаў свядома абрала свой прафесійны шлях, які дазволіць удасканальвацца і развівацца, будзе прыносіць радасць і самазадаволенне. Вельмі хочацца, каб Пружаншчына стала родным домам для маладых прафесіяналаў, а яны ў сваю чаргу палюбілі гэтую зямлю так, як любім яе мы.

Юлія Янушка. Фота аўтара

Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_288995146