Звесткамі пра тое, што ў нашай мясцовасці можна вырошчваць паўнацэнныя кавуны, цяпер нікога ўжо не здзівіш. Кліматычныя ўмовы апошніх гадоў дазваляюць займацца вырошчваннем гэтай бахчавай культуры ў адкрытым грунце. Асобныя фермерскія гаспадаркі, дачнікі і агароднікі дасягнулі тут значных поспехаў.
Не адстае ад гэтай важнай справы і навука. Сёлета на землях РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» закладзены палявыя вопыты з кавунамі.
— Наша праграма разлічана на два гады, — гаворыць кандыдат сельскагаспадарчых навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела пладаводства Алена Поух.
Працуюць нашы навукоўцы пад патранажам доктара сельскагаспадарчых навук, аўтара кнігі «Кавун і дыня ў Беларусі» А.А.Ауткі.
— Бахча ў нас займае каля гектара, — гаворыць Алена Васільеўна. — Высаджвалі такія сарты кавуноў, як «трыумф», «мядунок», «імпульс», «ікар», а таксама гібрыды — «фарала», «раманза».
Навукоўцы пры вырошчванні кавуноў эксперыментуюць — практыкуюць укрыўны і неўкрыўны спосабы, высаджвалі ў грунт і расаду, і насенне.
Работу мяркуецца працягваць і на наступны год. Пры яе паспяховым завяршэнні можна будзе пакаштаваць кавуноў, якія вырашчаны на доследнай станцыі ў Пружанах.
На здымку: на бахчы кандыдат сельскагаспадарчых навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела пладаводства абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі А.В Поух.
Мікалай Архуцік