«Космас наш!» Без перабольшвання, менавіта гэтым дэвізам апошнія некалькі тыдняў жыве ўся краіна. І хоць касмічныя прасторы чалавецтва асвойвае ўжо не адно дзесяцігоддзе, палёт першага ў суверэннай гісторыі Беларусі касманаўта на МКС, якім стала жанчына — Марына Васілеўская, — сапраўдная падзея. Магчыма, таму і сёлетні Дзень касманаўтыкі быў па-асабліваму святочным. Адзначылі яго і ў Пружанах. Менавіта 12 красавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма адкрылася выстава савецкіх плакатаў «Пакарыцелям космасу прысвячаецца».
Павіншаваць пружанцаў і гасцей горада з «касмічным» днём менавіта так — сумесная ідэя дырэктара бібліятэкі Таццяны Гуторкінай і віцэ-консула Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, кіраўніка Расійскага цэнтра навукі і культуры Юліі Сяменчанка. Дзякуючы яе падтрымцы, дарэчы, наведвальнікі бібліятэкі ўбачылі ўжо мноства цікавых выстаў, але нямала задум і наперадзе.
У новай тэматычынай экспазіцыі, што размясцілася ў фае бібліятэкі на другім паверсе, можна ўбачыць 30 плакатаў розных памераў на касмічную тэматыку. Іх арыгіналы захоўваюцца ў Калужскім музеі імя К. Цыялкоўскага. Пластыкавыя копіі зрабілі якраз у фондзе Рассупрацоўніцтва, каб пазнаёміцца з сапраўднымі творамі мастацтва маглі ўсе жадаючыя.
Першымі наведвальнікамі выставы сталі сямікласнікі пружанскай гімназіі. Таццяна Рыгораўна павіншавала моладзь з Днём касманаўтыкі, узгадала пра гістарычны палёт Юрыя Гагарына, які адбыўся 12 красавіка 1961 года. Таксама звярнула ўвагу, што не толькі для савецкіх людзей, але і для ўсяго свету менавіта Гагарын стаў сапраўдным першапраходцам у космасе, таму на большасці плакатаў адлюстраваны менавіта ён.
Але не забыліся стваральнікі экспазіцыі і пра іншых легендарных пакарыцеляў космасу: на шэрагу плакатаў — партрэты Германа Цітова і Валянціны Церашковай. Прыцягваюць увагу і плакаты, прысвечаныя Белцы і Стрэлцы — сабачкам, якія пабывалі ў космасе да людзей.
Асобнай увагі заслугоўваюць савецкія паштоўкі касмічнай тэматыкі. Напрыклад, на адной з іх хлопчык-касманаўт на ракеце віншуе з Новым годам. Знаёмячыся з выставай, заўважаю, што амаль кожны плакат суправаджае які-небудзь лозунг або заклік, але найчасцей сустракаюцца словы: «У імя міру і прагрэсу!». Цікава, але і сёння, праз столькі гадоў, яны не страчваюць сваёй актуальнасці.
Яшчэ адзін блок выставы — стэнд з газетных і часопісных публікацый. Яго падрыхтавалі ўжо непасрэдна пружанскія бібліятэкары. Тут можна даведацца пра гісторыю беларускай касманаўтыкі, убачыць фота і прачытаць пра савецкіх касманаўтаў, ураджэнцаў Беларусі: нашага земляка Пятра Клімука, які нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна, Уладзіміра Кавалёнка, што родам з Міншчыны. Абодва, дарэчы, атрымалі званне Героя Савецкага Саюза двойчы.
Сапраўднай гераіняй у вачах многіх беларусаў стала і Марына Васілеўская. Нездарма на мінулым тыдні яна была ўдастоена звання Героя Беларусі і атрымала высокую ўзнагароду з рук Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, цяпер Герояў Беларусі — 14 і жанчына-касманаўт сярод іх — першая і адзіная. Хочацца верыць, што толькі пакуль.
Канечне ж, фота Марыны Васілеўскай і яе дублёра Анастасіі Лянковай, а яшчэ камандзіра экіпажа, ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага — таксама на стэндзе. Тут жа — і храналогія падрыхтоўкі палёту, і, безумоўна, газетныя старонкі з фотаздымкамі ўжо з космасу і аповедам пра тыя праекты, якія праводзіла на МКС наша першая жанчына-касманаўнт.
Дырэктар бібліятэкі ўпэўнена: асваенне беларусамі космасу адкрывае новыя магчымасці перад сучаснай моладдзю. «Хто ведае, магчыма да зорак калісьці паляціць хтосьці з вас, і праз некаторы час мы будзем ганарыцца ўжо касманаўтам-пружанцам», — сказала Таццяна Гуторкіна і пажадала вучням поспехаў у вучобе і любові да сваёй краіны.
Пазнаёміцца з выставай касмічных плакатаў «Пакарыцелям космасу прысвячаецца» ў пружанскай бібліятэцы можна да 26 красавіка.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара
Больш фота — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_302328208 і https://ok.ru/budni/album/977575805832