Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, без перабольшвання, адна з архітэктурных і духоўных адметнасцей нашага горада. За амаль паўтара стагоддзя свайго існавання храм зведаў многае. Бачыў як тут, у Пружанах, пачынаў шлях служэння кардынал Казімір Свёнтак, як шчыра маліліся шматлікія вернікі. Пэўна, гэтыя сцены захоўваюць памяць і пра тыя часы, калі ў храме ладзіліся вечары танцаў і канцэрты, і пра тое, як у касцёл вярнулася малітва. Гучала яна ў храме і ў мінулую нядзелю, у прыходскае свята.

Гэты дзень пружанскія каталікі заўсёды святкавалі асабліва. Па ўспамінах старажылаў касцёла, яшчэ ў даваенныя часы на ўрачыстасць вернікі з розных раёнаў вобласці дабіраліся на конях. Многа гасцей было ва ўпрыгожаным храме і сёлета. Падзяліць радасць свята з пружанскімі каталікамі вырашылі прыхаджане з Шарашэва, Ружан, Брэста і не толькі. Многія скарысталіся магчымасцю паспавядацца.
З сабой у храм у гэты дзень прыхаджане ўзялі кветкі, зёлкі і першыя плады новага ўраджаю. Менавіта ва ўрачыстасць Унебаўзяцця асвячаецца агародніна і гучыць падзяка Богу за атрыманы ўраджай. Пасля гэтага сфарміравалі ўрачыстую працэсію, са спевам і малітвай прайшлі вакол касцёла.

Па завяршэнні святой імшы вернікі арганізавалі сапраўднае свята. Кожны прынёс мясны ці салодкі пачастунак, з якіх атрымаўся агульны святочны стол. Не абышлося без спеваў і нават танцаў. Павіншаваць каталікоў прыехалі народнае аматарскае аб’яднанне «Смаляначка» Навасёлкаўскага СДК і народны вакальны гурт «Бабіна лета» Ліноўскага СДК.

Парафіяльная ўрачыстасць атрымалася прыгожай, напоўненай радасцю і малітвай. А значыць, традыцыя святкавання абавязкова захаваецца.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара