Калі два дзесяцігоддзі таму ў карыстанні пачалі з’яўляцца плацёжныя карткі, многія называлі іх «пластыкавым кашальком». Сапраўды, гэты фінансавы інструмент выкарыстоўваўся ў асноўным для зняцця наяўных грошай. Паступова з развіццём абслугоўваючай інфраструктуры стаўленне да картак мянялася. І сёння многія людзі літаральна месяцамі не трымаюць у руках наяўных грошай. Разлікі праз тэрміналы і інтэрнэт-рэсурсы, перавод грошай і іншыя фінансавыя транзакцыі ажыццяўляюцца віртуальна. Больш таго, банкі даўно ўжо разглядаюць плацёжныя карткі як пасведчанні асобы.

Насамрэч, мінула толькі 20 гадоў, і інструментарый плацёжных картак істотна пашырыўся. З улікам гэтага можна смела прагназаваць, што ў бліжэйшым будучым банкі яшчэ не адзін раз здзівяць новымі прапановамі. Пацвярджэннем таму з’яўляецца сацыяльны праект, які зараз рэалізуе «Беларусбанк», — «Карта навучэнца». Па яго назве можна здагадацца аб сутнасці новай паслугі.
Адна з вядучых фінансавых устаноў Беларусі сумесна з Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі Нацыянальнай акадэміі навук распрацавала ўнікальны для нашай краіны карткавы прадукт, разлічаны на карыстанне школьнікамі. Здаецца, навошта малым інструмент безнаяўнага разліку, калі ўсе матэрыяльныя пытанні за іх вырашаюць дарослыя? Распрацоўшчыкі заяўляюць, што «Карта навучэнца» хаця і з’яўляецца паўнавартаснай плацёжнай карткай, у першую чаргу не проста сродак разлікаў. Гэта — навучальны дапаможнік, які стане паступова прывучаць дзяцей распараджацца грашыма, прывыкаць да фінансавай дысцыпліны і асвойваць дыстанцыйны разлік. Што, безумоўна, дапаможа самастойна складаць уласны бюджэт і разумна распараджацца ім пры ўступленні ў дарослае жыццё. А можа, некаму такі «ранні старт» дасць значны штуршок да паглыбленага вывучэння эканамічных дысцыплін, каб у будучым увайсці ў склад кіруючага звяна, нават на рэспубліканскім узроўні.
Між тым пагаджуся з распрацоўшчыкамі, што такая мэта больш глабальная і яе вынікі будуць відавочнымі не хутка. А цяпер ужо бачныя перавагі заключаюцца ў тым, што бацькі атрымліваюць яшчэ адзін спосаб кантролю свайго дзіцяці. Па-першае, пры наяўнасці ў малога ўласнай карткі можна аператыўна вырашаць розныя грашовыя пытанні, у прыватнасці, хутка дыстанцыйна «перадаць» сыну або дачцэ грошы. Па-другое, можна спакойна адпраўляць дзіця ў школу, ведаючы, што яно не згубіць грошы ці іх не ўкрадуць. Падобныя непрыемнасці могуць здарыцца толькі з карткай, а вось фінансы застануцца некранутымі. І па-трэцяе, рух сродкаў па карт-рахунку будзе добра бачны бацькам, дзякуючы чаму яны аператыўна даведаюцца, што іх дзіця набывае ў магазінах. Больш таго, можна ўстанавіць ліміт выдаткаў на суткі, зноў жа прывучаючы да фінансавай дысцыпліны.
У дадатак ёсць пэўныя напрацоўкі, згодна з якімі «Карта навучэнца» не проста фінансавы інструмент. За кошт знешняга афармлення і наяўнасці электроннага бескантактнага чыпа плацёжная картка можа служыць пасведчаннем асобы. На ліцавым баку яна мае фотаздымак, імя, прозвішча, імя па бацьку ўладальніка, месца вучобы і дату яго нараджэння. Пры ўкараненні ў навучальных установах сістэм электроннага допуску можа выкарыстоўвацца як пропуск, адначасова дасылаючы звесткі для кантролю наведвальнасці. Па словах дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг № 112 ААТ «ААБ Беларусбанк» Марыны Свістун, дасягнуты пагадненні з раённым аўтаперавозчыкам аб статусе такіх картак для бясплатнага праезду школьнікаў у гарадскіх аўтобусах.
І яшчэ адно, гэты праект нездарма называецца сацыяльным. Справа ў тым, што афармленне «Карткі навучэнца» абсалютна бясплатнае, за абслугоўванне таксама не спаганяюцца грошы. Бацькі ажыццяўляюць пераводы сродкаў на плацёжную картку школьніка без камісіі. А яшчэ карту можна застрахаваць з 70-працэнтнай скідкай. З улікам сацыяльнага характару праект рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве паміж фінансавымі і навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, у Пружанах «Беларусбанк» кантактуе з аддзелам па адукацыі райвыканкама, праз які арганізуюцца сустрэчы ў школах. Там збіраецца інфармацыя аб жадаючых удзельнічаць, заключаюцца пагадненні на выкарыстанне персанальных дадзеных дзяцей, рыхтуюцца электронныя ключы. Нядаўна да працэсу далучылася СШ № 5, у будучым кола ўдзельнікаў будзе пашырана, у тым ліку і на сельскую мясцовасць. Як зазначае кіраўнік раённага падраздзялення «Беларусбанка», уладальнікам трэба ўсвядоміць, што яны атрымалі і для чаго гэта ім патрэбна. І як з класічнымі плацёжнымі карткамі, праз кароткі час «Карта навучэнца» стане неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця.
Шырокі функцыянал карты і магчымасці — гэта, безумоўна, выдатна, але зразумець, як інструмент выкарыстоўваецца ў рэальнасці, можна толькі ад непасрэдных уладальнікаў. Гэта мы і зрабілі, пазнаёміўшыся з Аленай Мацяш і яе дачкой Крысцінай, вучаніцай гімназіі.

Алена Мікалаеўна адзначае, што «пластык» вельмі зручна замяняе выдачу наяўных кішэнных грошай:
— Напрыклад, дачка захоча нешта па дарозе купіць у краме — я хутка са сваёй карты пералічу патрэбную суму, і яна расплачваецца ёю. Плюс здымаецца пытанне бяспекі, таму што наяўныя грошы могуць як згубіцца, так і зацікавіць нядобрасумленных грамадзян. А яшчэ не заўсёды тэрмінова зможаш даць патрэбную суму наяўнымі ў рукі: спачатку трэба дайсці да банкамата, а зрабіць перавод на карту — справа пары хвілін.
Таксама Алена адзначае ключавую асаблівасць «Карты навучэнца»:
— Адразу відаць, што гэта дзіцячая карта: на ёй фота дзіцяці і інфармацыя аб тым, дзе яно вучыцца. У выпадку страты лёгка будзе знайсці ўладальніка.
Сама Крысціна задаволена, што ў яе ўжо ёсць уласная банкаўская карта:
— Было вельмі цікава першы раз паспрабаваць аплаціць пакупкі ў магазіне сваёй картай. Хвалявалася спачатку, але пераканалася, што ёй можна спакойна разлічвацца.
Па меркаванні мамы дзяўчынкі, нават сярод дзяцей ужо з’яўляецца нейкі статус, прэстыжнасць у атрыманні карткі. Да таго ж дзеці любяць паказваць самастойнасць, калі ім даваць такую магчымасць. І «Карта навучэнца» тут вельмі добра адпрацоўвае сваю ролю.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік