Адназначна можна заявіць, што ўсе, без выключэння, жывёлы любяць ласку і пяшчотны позірк. Як ты да іх — так і яны да цябе. Узяць, напрыклад, галіну жывёлагадоўлі нашага раёна. Ну, не дасць табе карова многа малака, хоць і сытая, калі яе пастаянна штурхаць, замахвацца рознымі прадметамі, аблайваць брыдкімі словамі. А вось калі пагладзіць, пагаварыць ласкава з рагуляй, тады… Пра гэта і многае іншае гаварылася на раённым семінары па жывёлагадоўлі на базе ААТ «Шані-аграпрадукт», які прайшоў на мінулым тыдні.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны начальнікі МТК сельскагаспадарчых арганізацый раёна, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, племянной станцыі па Пружанскім раёне РСУП «Брэстплемпрадпрыемства» і ўстановы «Пружанская раённая ветэрынарная станцыя». Тэма для сустрэчы была абрана наступная: «Арганізацыя работы МТК «Гарадзечна» па вытворчасці малака і інтэнсіўным вырошчванні рамонтнага маладняку».
Семінар адкрыла галоўны спецыяліст сектара вытворчасці прадукцыі раслінаводства аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыя Сцепанюк, якая і пазнаёміла з планам работы. Пасля чаго слова было прадстаўлена першаму намесніку старшыні райвыканкама — начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргею Глушко.
Як адзначыў Сяргей Аляксандравіч, на сёння МТК «Гарадзечна» — адзін з лепшых у раёне. Тут ёсць чаму павучыцца, што пераняць. Таму ўдзельнікам патрэбна настройвацца на жывую размову, не баяцца задаваць пытанні, а недзе нават прасіць дапамогі.
Дык што змагло вывесці комплекс на такі высокі ўзровень? Па словах дырэктара ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандра Якімаўца, гэта значнае абнаўленне калектыву. Змяніўся начальнік МТК, які прывёў з сабой каманду.
На комплексе налічваецца 875 галоў дойнага статка, на кожную доіцца цяпер 26,4 літра малака. І гэта не мяжа, ёсць усе магчымасці выйсці і на 30 літраў. Павялічыліся тэхналагічныя прывагі, а для гэтага павінны быць — і ёсць — якасныя кармы. Вядзецца работа па замене абсталявання. Удзяляецца належная ўвага абрэзцы капытоў, у гэтай важнай рабоце праводзіцца кансультацыя са спецыялістамі з Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. А яшчэ работнікаў падтрымліваюць годнай заработнай платай — яна па комплексе складае ў сярэднім 2300 рублёў, калі па гаспадарцы — 1880. Таксама на МТК практыкуецца стымуляванне жывёлаводаў: сумленна працуеш — атрымай грашовую ўзнагароду.
Цікава, як жа за кароткі час удалося дамагчыся высокіх паказчыкаў на комплексе?
Першае, што адзначыў начальнік МТК Андрэй Казачок, гэта выкананне правіл унутранага працоўнага распарадку на вытворчым участку. Каб аператыўна вырашаць надзённыя пытанні, былі закуплены рацыі. Абавязкова ажыццяўляецца кантроль за выкананнем ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналагічных рэгламентаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Праводзяцца санітарныя дні, дзе кожны атрымлівае пісьмовае заданне, па выкананні якога на стол начальніка кладзецца службовая запіска. Правярае зробленае камісія. Яна і дакладвае Андрэю Вячаслававічу аб паўнаце выкананага. Калі крыху змухляваў, давядзецца перарабіць. Кожны месяц праводзіцца сход працоўнага калектыву, які налічвае 42 чалавекі (адзінаццаць работнікаў дастаўляюцца з Камянеччыны), дзе і ставяцца задачы, разглядаюцца памылкі і варыянты іх выкаранення. І ні ў якім выпадку не крыўдзіць рагуль! Карова — разумная жывёліна, яе патрэбна толькі любіць!
АБ прымаемых мерах па паляпшэнні якасці кармоў у гаспадарцы распавёў галоўны заатэхнік Уладзімір Асіпчук.
Звярталася ўвага і на ўтрыманне кароў. У ААТ «Шані-аграпрадукт» ужо на працягу трох гадоў практыкуюць падсціланне пяском, калі гэта дазваляе рабіць тэмпературны рэжым. Вентылятары на комплексе ўсталяваны такім чынам, каб абвяванне адбывалася тады, калі карова ляжыць: прамы ўплыў на надоі.
Таксама ў сельгаставарыстве ёсць свой млын, за месяц па гаспадарцы расходуецца 1000 тон корму. Па тэхналогіі тут трамбуюць кармы, думаючы, у першую чаргу, пра якасць.
Галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «Шані-аграпрадукт» Наталля Шчэрба расказала пра мерапрыемствы для забеспячэння здароўя жывёл. І не толькі лячэбныя, але і прафілактычныя: заўсёды хваробы лепш папярэджваць, чым лячыць.
Для нагляднасці на МТК «Гарадзечна» была арганізавана выстава, дзе прадстаўляліся розныя кармавыя дабаўкі, медпрэпараты, сродкі дэзынфекцыі, шафа для сушкі нованароджаных цялят, кормараздатчык «FARESIN». Правялі для гасцей і экскурсію на комплексе, каб можна было на свае вочы пабачыць усё, пра што гаварылася на семінары.
Калі праводзіцца мерапрыемства падобнага маштабу, то яно мае на ўвазе, што кожны для сябе возьме нешта на заметку, каб прымяніць на сваім комплексе. Не трэба баяцца вучыцца. Куды страшней, калі жаданне ісці ўперад з кожным днём убаўляецца. Таму спадзяёмся, што дадзены семінар прынясе свой плён.
Вадзім Раўнейка.
На здымках: падчас семінара.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з семінара глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302328236 і https://ok.ru/budni/album/977575861384