На працягу шэрагу гадоў работнікі Дзяржаўтаінспекцыі праводзяць тлумачальную работу адносна карысці выкарыстання святловяртальных элементаў у цёмны час сутак. Напрыклад, зараз складана знайсці чалавека, школьніка ці дарослага, які не ведае, што такое флікер, для чаго ён патрэбны і калі неабходна яго выкарыстоўваць.
У Правілах дарожнага руху замацавана, што пешаход павінен пазначыць сябе святловяртальнымі элементамі ў цёмны час сутак — паміж захадам і ўсходам сонца. Напрыклад, сёння, 30 лістапада, сонца пойдзе за гарызонт у 17.12. У наступную мінуту інспектары ДАІ за адсутнасць флікера могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, нават калі здаецца, што на вуліцы дастаткова фанарнага святла. Таксама ўсе ведаюць, што наяўнасць святловяртальных элементаў на пешаходзе дае магчымасць вадзіцелю ўбачыць чалавека за 400 метраў. А значыць, у кіроўцы будзе каля адной мінуты, каб зрэагаваць на яшчэ аднаго ўдзельніка дарожнага руху. Калі з’яўляецца снег, то відавочнай становіцца яшчэ адна асаблівасць флікера. На фоне чорных і белых адценняў водбліск святловяртальнага элемента адразу прыцягвае ўвагу.
Гэтыя высновы даўно ўжо прымаюцца за аксіёму, але ці прытрымліваюцца яе людзі на практыцы? Падчас вячэрняга рэйду па райцэнтры разам з супрацоўнікамі ДАІ Паўлам Федуном і Дзмітрыем Ільяшуком мы паназіралі за сітуацыяй на гарадскіх вуліцах.
Даведка «РБ»: У Правілах адназначна гаворыцца, што «у цёмны час сутак пешаход павінен ПАЗНАЧЫЦЬ сябе святловяртальнымі элементамі». Пры гэтым няма якіх-небудзь агаворак, дзе павінен быць флікер — на рукаве, на шапцы, на кішэні ці сумцы. Аднак некаторыя грамадзяне лічаць, што закон патрабуе толькі мець гэты элемент пры сабе.
Як зазначыў старшы дзяржаўтаінспектар Павел Фядун, пераважная большасць «начных» дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў адбываецца з-за таго, што апошнія не карысталіся флікерамі. Статыстыка рэгулярна распаўсюджваецца праз розныя сродкі масавай інфармацыі, у перыядычных выступленнях у працоўных калектывах і школах інспектары заўсёды звяртаюць увагу слухачоў на трагічныя лічбы.
— Аўдыторыя рэагуе правільна, бачна, што людзі задумваюцца, — расказваюць супрацоўнікі ДАІ. — Вось толькі, выходзячы на вуліцу, некаторыя забываюцца пра жыццёвыя парады.
А ФЛІКЕР У СУМЦЫ…
Вуліцу Піянерскую нельга назваць шырокай, да таго ж на яе адрэзку ад Свабоды да Кастрычніцкай няма тратуара. А значыць, пешаходу, які ідзе па той частцы, абавязкова ў цёмны час сутак трэба выкарыстоўваць флікер.
Калі дзяржаўтаінспектары заўважылі б Міхаіла на тратуары, то на яго цёмную выяву ніхто і не звярнуў бы ўвагі. Аднак мужчына ўжо рухаўся па краі праезнай часткі, з-за чаго адбылася непрыемная размова з супрацоўнікамі ДАІ. Як высветлілася, мужчына меў флікер, але ён знаходзіўся ў… кішэні. Па-першае, гэта лічыцца парушэннем ПДР. Па-другое, гэта асноўная памылка пераважнай большасці людзей.
Падчас размовы супрацоўнікі адразу ўстанаўліваюць «законапаслухмянасць» грамадзяніна. І падманваць даішнікаў сэнсу ўжо няма. Кожны інспектар пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў карыстаецца электронным планшэтам з мабільнай сувяззю з асноўнай базай парушальнікаў. На працягу мінуты Дзмітрый Ільяшук высвятляе, што некалькі месяцаў таму Міхаіл атрымліваў папярэджанне за язду на веласіпедзе, які не быў абсталяваны належным чынам. На гэты раз мужчыне выпісваецца ўжо штраф у памеры 1 базавай велічыні. Дарэчы, дарожны патруль таксама мае пры сабе картрыдар для пластыкавых картак, дзякуючы чаму парушальнік можа на месцы безнаяўна аплаціць штраф.
За першым парушальнікам інспектары спыняюць другога, дакладней, другую, з такой жа «праблемай» — флікер у сумцы. На першы раз Хрысціна атрымала папярэджанне. Яно таксама афармляецца ў базу, а парушальніку прыходзіць SMS-напамін: маўляў, будзьце асцярожныя, у другі раз ужо страціце грошы.
А потым мы сустрэліся з Вольгай:
— Няма ніякіх складанасцей адзін раз прычапіць флікер на сумачку і адчуваць потым сябе ў бяспецы. Зараз раніцай на работу або ўвечары дадому даводзіцца ісці ў цемры, і з гэтым кавалкам пластыку я адчуваю сябе спакойна. Тое ж самае патрабую і ад дзяцей, у якіх заўсёды на адзенні ці сумцы ёсць флікеры. Да таго ж імкнуся набываць адзенне, на якім адразу ёсць святловяртальныя ўстаўкі. Хаця наша айчынная прамысловасць мала прапануе такой прадукцыі.
Ці складана рабіць так жа і іншым?
БАЦЬКІ, ЯШЧЭ РАЗ ПАГАВАРЫЦЕ З ДЗЕЦЬМІ
Вуліца Чарнышэўскага таксама пастаянна ў цэнтры ўвагі патрульных. Працяглая і прамая праезная частка дае магчымасць аўтамабілям добра разагнацца. Тратуараў там няма, пешаходы рухаюцца па абочыне. Няма таксама паваротаў або зялёных насаджэнняў, каб можна было схавацца ад даішнікаў. І здалёк бачна, хто ідзе з флікерам, а хто — без яго. Пераважная большасць апошніх — дзеці, якія вяртаюцца дадому са спартыўнай, музычнай школ ці дзіцячай бібліятэкі. Супрацоўнікі ДАІ запісваюць прозвішчы школьнікаў і месца вучобы. Інфармацыю потым перададуць у адпаведныя службы для рэагавання.
Даведка «РБ»: Пры руху па пешаходных дарожках (тратуарах) выкарыстанне флікераў мае характар рэкамендацый. Таксама рэкамендуецца пазначыць сябе святловяртальнымі элементамі пры перасячэнні праезнай часткі. У іншых сітуацыях адсутнасць флікераў — адміністрацыйнае правапарушэнне.
— Больш за тое, зараз ідзе нейкая незразумелая мода, калі падлеткі спецыяльна хаваюць флікеры, — расказвае Павел Фядун. — Элемент прычэплены на руку, але так, каб пад рукавом яго не было бачна. Ці на ланцужок — і ў кішэнь. А калі бачаць спецаўтамабіль, то адразу вымаюць. Ці то паказчык геройства, ці то
сарамлівасці?
ВЕЛАСІПЕДЫСТЫ, А ЦІ ЁСЦЬ У ВАС СВЯТЛОВЯРТАЛЬНАЯ КАМІЗЭЛЬКА?
Апошнія змены ў Правілах дарожнага руху тычацца і выкарыстання такой камізэлькі-флікера тымі, хто рухаецца на двухколавым транспарце. Па-за межамі горада такі элемент цяпер трэба АБАВЯЗКОВА апрануць, на гарадскіх вуліцах па-ранейшаму рэкамендавана. Хаця многія гараджане, рухаючыся на веласіпедзе, і без напамінаў карыстаюцца святловяртальнымі камізэлькамі.
Адна з іх — Таццяна, веласіпед якой абсталяваны належным чынам, з чырвоным ліхтаром ззаду і белай фарай наперадзе. І сама жанчына апранута ў святловяртальную камізэльку. Адно парушэнне ў веласіпедысткі ўсё-такі інспектары выявілі. Справа ў тым, што ПДР забараняюць рухацца на двухколавым транспарце ў снегапад. Жанчына папрасіла прабачэння ў супрацоўнікаў і пераканала, што для такога ўчынку ў яе была важкая падстава. З-за чаго патрульныя абмежаваліся вуснай заўвагай, але пахвалілі за належную падрыхтоўку да выезду на праезную частку.
— Я заўсёды карыстаюся такой камізэлькай. Яна для мяне — гарантыя бяспекі. А яшчэ такім чынам выказваю павагу ў стаўленні да вадзіцеляў, якія загадзя могуць убачыць мяне на дарозе.
Сапраўды, флікер — гэта магчымасць паказаць сваю выхаванасць. А ветлівасць на дарозе мае высокі кошт. Здараецца, што роўны з коштам жыцця…
Алег Сідарэнка. Фота аўтара