Вторник, 29 апреля 2025

Карэспандэнты высвятлялі, ці пагражаюць Пружанам аўтамабільныя «пробкі»?

366

У камісію па бяспецы дарожнага руху райвыканкама паступіла некалькі зваротаў ад аўтамабілістаў са скаргамі на заторы, якія перыядычна ўтвараюцца на двух участках у Пружанах — на Т-падобным скрыжаванні вуліц Р. Шырмы — Г.-Каляды, а таксама на вул. Леніна каля СШ № 1. У прыватнасці, заяўнікі прапанавалі для вырашэння праблем устанавіць і там, і там святлафоры. Мы вырашылі праверыць самі, ці сапраўды на названых участках узнікаюць заторныя сітуацыі.

У тых зваротах адзначалася, што «пробкі» ствараюцца пераважна раніцай, калі шмат гараджан на аўтамабілях дабіраецца да работы, і ў той жа час бацькі падвозяць дзяцей, а многія рухаюцца пешшу або на веласіпедах. На пешаходных пераходах вадзіцелі вымушаны прапускаць дзяцей, з-за чаго збіраюцца аўтамабільныя калейкі.

Некалькі дзён запар карэспандэнцкая група дзяжурыла на названых участках у самы «гарачы» час. Адразу можам сказаць, што многае са зваротаў грамадзян пацвярджаецца. Вось толькі ёсць некаторыя акалічнасці.

Т-падобнае скрыжаванне вуліц Р. Шырмы і Г.-Каляды

Заторы пачынаюцца тут пасля 7.30 раніцы. На пешаходных пераходах з’яўляюцца першыя дзеці, і раз-пораз вадзіцелям даводзіцца прыпыняцца. Сітуацыя ўскладняецца тым, што з захаду машыны прыпыняюцца на святлафоры, і пасля зялёнага сігналу да гімназіі рушаць адразу з дзясятак аўто. Не ўвесь транспарт паспявае трапіць у «паўзу» паміж пешаходамі, затрымліваючы ўжо тых, хто рухаўся за гэтай партыяй машын. Такім чынам узнікае «пробка». Толькі вось ці вырашыць праблему ўстаноўка тут святлафора? Мы падлічылі, што ў самы напружаны момант, а гэта каля 8 гадзін раніцы, на праблемным участку збіраецца 10–11 аўтамабіляў. Вызначылі, што самы працяглы перыяд чакання вадзіцелямі склаў не больш 15–20 секунд. Пагодзімся, што час цягнецца значна марудней, калі даводзіцца чакаць, і секунды ідуць за мінуты. Аднак секундамер безэмацыянальна пацвярджае менавіта такую працягласць.

Дапусцім, што было прынята рашэнне аб устаноўцы тут святлафора. Мінімальныя настройкі гэтага «рэгуліроўшчыка» дазваляюць прапускаць аўтамабільны і пешаходны патокі з 30-секунднымі інтэрваламі. У выніку атрымаецца, што машыны будуць затрымлівацца на «зебры» ўдвая даўжэй. З улікам таго, што за сотню метраў ужо ёсць святлафор, можна спрагназаваць, што адрэзак паміж рэгулюючымі ўстройствамі будзе пастаянна забіты аўтамабілямі. І не толькі раніцай, а на працягу ўсяго дня. Яшчэ горш будзе сітуацыя, калі ўстанавіць святлафор «па жаданні»: хутчэй за ўсё, у самыя пікавыя перыяды аўтамабілістам неабходна будзе выбіраць аб’язныя шляхі.

Як вынікае, устаноўка святлафора толькі пагоршыць праблему. Хаця, на нашу думку, раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху можна было б разгледзець пытанне аб скарачэнні на гэтым участку і прылеглых да яго адрэзках колькасці пешаходных пераходаў. На 100 метрах ад бліжэйшага святлафора і да гімназіі іх чатыры. Адмова нават ад адной «зебры» паскорыць прахаджэнне аўтамабіляў на трэць без асаблівых складанасцей для пешаходаў.

Вул Леніна каля СШ № 1

Заяўнікі таксама ўказалі на гэтае праблемнае месца ў нашым райцэнтры. І поўнасцю мелі рацыю: з 7.30 да 8.00 тут неаднаразова ўзнікалі аўтамабільныя заторы. І зноў жа графікі прахаджэння пешаходаў і машын супадалі з папярэдне апісаным праблемным месцам. Так, аўтамабіляў збіралася больш, часам налічвалі і да 20 адзінак тэхнікі. Крыху павялічваўся і час чакання вадзіцелямі. Вось толькі перыяд выпрабавання цярпення ні разу не перавысіў 20 секунд. Устаноўка святлафора тут зноў жа толькі ўскладніць сітуацыю і прывядзе да павелічэння складанасцей, бо знайсці аб’язныя шляхі міма вул. Леніна значна цяжэй, чым у цэнтры горада.

Праблему, на наш погляд, можна аблегчыць іншым спосабам. Не ва ўсіх выпадках затораў былі «вінаваты» пешаходы. Часцяком з-за парушэнняў правілаў высадкі пасажыраў іншыя вадзіцелі былі прымушаны чакаць. Раз-пораз машыны спыняліся пасярод праезнай часткі і высаджвалі дзяцей у школу, а тыя, што ехалі ўслед, спыняліся і чакалі заканчэння працэсу. Хаця каля гэтага ўчастка ёсць прасторныя стаянкі, куды можна спакойна заехаць і бяспечна высадзіць пасажыра. Але так паступалі толькі адзінкі, добра калі адзін з 20 вадзіцеляў спыняўся на спецыяльна прызначаных пляцоўках. Па нашых падліках, калі б падобных парушэнняў не было, то і час чакання скараціўся б таксама на трэць.

Ад рэдакцыі

Гэту інфармацыю мы накіравалі ў аддзяленне ДАІ Пружанскага раёна. Спадзяёмся, што тэхнічныя пытанні будуць аператыўна разгледжаны і вырашаны. А вось парушэнне Правілаў дарожнага руху на вул. Леніна пільна пракантраляваць наўрад ці ўдасца, такое магчыма толькі пры адкрыцці там стацыянарнага паста ДАІ. Магчыма, вадзіцелям лягчэй было б не парушаць ПДР і не ствараць нязручнасці адзін аднаму? Згадзіцеся, трэба паважліва ставіцца да іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік