Вы хочаце ўбачыць бяскрайнія дагледжаныя палеткі, удыхнуць свежага гаючага паветра, падставіць твар цёпламу пяшчотнаму сонейку? Няма праблем! Усе да адзінага працаўніка ААТ «Ружаны-Агра» шчыра запрашаюць наведаць гаспадарку, палюбавацца яе прасторамі, стаць сведкамі таго, як з году ў год па вясне прахо-дзяць нялёгкія працоўныя будні земляробаў. Калі так, то ніяк нельга адмаўляцца. Таму ў ліку першых, канечне ж, у сельгаставарыства наведаліся карэспандэнты «раёнкі». Хаця і былі тут неаднаразова, але ў такой вялікай гаспадарцы заўсёды знойдзеш тое, што раней вока ўпусціла, чым захапіцца, пра што напісаць.
Колькі ні пішы пра адданую працу на зямлі, усё роўна яна заслугоўвае вялікай павагі, самых шчырых і цёплых слоў у адрас земляробаў. Апошнія, праўда, не вельмі ахвочы да размовы і фатаграфавання. Але толькі таму, што ў гарачую веснавую пару цалкам аддаюць сябе рабоце, стараюцца як мага больш зрабіць за светлавы дзень. І ўсё ж… карэспандэнты — народ настырны.
Суправаджалі нас у рабочай паездцы намеснік дырэктара па вытворчасці Руслан Атулян і галоўны аграном Ілья Юнаш. З такімі спецыялістамі можна было многае даведацца, атрымаць грунтоўныя адказы на пастаўленыя пытанні.
Куды завіталі адразу? Палетак каля вёскі Шчытна, дзе праводзілася падкормка шматгадовых траў. На дадзеным відзе работ была задзейнічана вядомая ўсім «Раса», якой кіраваў вопытны і адказны трактарыст-машыніст Дзмітрый Казлюк. Як вядома, пасля трох-чатырох гадоў лугапашавыя ўгоддзі патрабуюць перазалужэння, бо страчваецца якасць кармоў. На дадзеным палетку трава першага года. Каб яна была пажыўная, у гаспадарцы ўносяць КАС (азотнае вадкае ўгнаенне, у складзе якога прадстаўлены тры формы азоту: нітратная, аманійная і амідная). На адзін гектар расходуецца 40 кг дзеючага рэчыва. Увогуле, падкарміць патрэбна 1597 га. Што дадаць? Толькі адно: работа праводзіцца якасна — значыць каровы будуць сытыя.
Рушылі далей. Наступны прыпынак — палетак каля вёскі Верчыцы. Поўным ходам вядзецца ў ААТ «Ружаны-Агра» перадпасяўная падрыхтоўка пад кукурузу. Усё павінна быць зроблена загадзя, на сумленне. За дзень на энерганасычаным трактары «Джон Дзір» механізатар Аляксандр Бібікаў апрацоўвае 50 га.
Вясна ідзе поўным ходам. Напамінаць у сельгаставарыстве пра гэта не трэба. Земляробы ААТ «Ружаны-Агра» на 100 % адсеялі зернебабовыя і авёс, цяпер усе сілы пераведзены на яравы ячмень, плошчы якога складаюць 1650 га (самыя вялікія ў раёне). Каля Ружан на ўчастку «Звярынец» у 268 га сяўбой дадзенай культуры займаўся Аляксандр Власко, які за рабочую змену закладвае зерне на 70 га. Даўжыня аднаго круга складае чатыры кіламетры. Як жа прыгожа глядзіцца магутны трактар, калі набліжаецца да цябе! Адразу чамусьці з’яўляецца ўпэўненасць — з такім паркам тэхнікі і такімі працавітымі людзьмі ў нас будзе хлеб і да хлеба.
І тут жа, побач з сяўбой, праводзілася ўзворванне зямлі пад царыцу палёў. Механізатар Міхаіл Мякеня набраў такі старт, што, калі яго папрасілі на некалькі мінут спыніцца, запярэчыў: толькі разагнаўся, як кажуць, даваць краіне вугалю — і вось табе, спыняйся. А хто ж гектары даваць будзе? Але ж спыніўся і захаваў сваё фота для нашчадкаў. Пашанцавала ААТ «Ружаны-Агра» на ахвочых да работы працаўнікоў!
Заўсёды няёмка сябе адчуваеш, калі даводзіцца перапыняць работу некага, у дадзеным выпадку, сельскіх працаўнікоў. Але робіш заўсёды гэта толькі таму, каб паціснуць натруджаную руку, пажадаць здароўя і поспехаў у рабоце. І напісаць пра чалавека працы, яго нялёгкія будні. Каб усе ведалі: не перавяліся на Беларусі сумленныя і працавітыя людзі.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік