Амаль адразу пасля камбайнаў падчас жніва на палетках можна было бачыць трактары з прэс-падборшчыкамі, якія лоўка прасавалі салому ў цюкі і рулоны. Пасля яна аператыўна звозіцца ў адно месца і складваецца ў сцірты. Дадзенай рабоце спрыяе сонечнае надвор’е: усё сухое лепш захоўваецца.
Па факце на 21.08.2023 года ў Пружанскім раёне спрасавана саломы збожжавых на 22453 га, а звезена з 17343 га. А так як другаснай работы ў любым сельгаставарыстве быць не можа, то і гэтую робяць якасна, з веданнем справы.
У ААТ «Ружаны-Агра» ўся салома ідзе на патрэбы гаспадаркі, а іменна на падсцёл буйной рагатай жывёлы і свіней. Запасу яе хапае да чарговага жніва. Кожны малочнатаварны комплекс забяспечаны сваёй сціртай для зручнасці выкарыстання.
Пабывалі карэспандэнты «раёнкі» на палетку каля аг. Варанілавічы, дзе якраз і ішла ўборка цюкоў. Да ведама цікаўных, за адзін рэйс адвозіцца 7 тон цюкоў, а ўбіраецца плошча ў 120-130 га. Сялянская праца не церпіць паспешлівасці, для яе больш прымальныя развага і цвярозы розум. Таму і механізатары быццам бы і не спяшаліся, а ўсё рабілася спорна і зладжана.
На МТК «Бярэзніца» віртуозна складваў сцірту з дапамогай пагрузчыка «Амкадор-352с» трактарыст-машыніст Анатоль Круглей. Па яго падліках, за рабочы дзень яму ўдаецца ўкласці больш за 200 тон саломы, а гэта недзе 666 цюкоў.
Калі глядзець збоку, то здаецца, што нічога цяжкага ў рабоце сельскіх працаўнікоў няма. Але гэта толькі на першы погляд. У сельскай гаспадарцы кожны адказны за ўсіх і ўсе за аднаго: гэта калектыўная справа. Тут нельга быць абыякавым і гультаём.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік