Штогод з прыходам вясны павялічваецца колькасць пажараў з-за выпальвання сухой расліннасці. Некаторыя гаспадары спрабуюць з дапамогай агню прыбраць засмечаныя агароды, у выніку чаго ўзрастае нагрузка на падраздзяленні МНС, якія вымушаны амаль кожны дзень па некалькі разоў выязджаць на тушэнне бескантрольных палаў. І апошнія прыносяць урон не толькі прыродзе, але і грамадству. Здараецца, што ў агні гінуць людзі. Падобныя трагедыі адбываліся і на Пружаншчыне.
У бягучым годзе першы трывожны выезд адбыўся ўжо напачатку сакавіка, калі жыхар аднаго з населеных пунктаў вырашыў «дапамагчы» гаспадарцы і падпаліў пожню. Як расказвае работнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іна Карпіла, нягледзячы на тое, што «сезон веснавых палаў» пачаўся настолькі рана, потым сітуацыя выправілася дзякуючы пастаянным дажджам. Хаця вяскоўцы працягваюць чакаць сухога надвор’я, у чым мы пераканаліся, калі з праверкай пабывалі ў вёсках Пружанскага сельсавета.
Практычна ўсюды на падворках і агародах можна было заўважыць сабранае ў кучы расліннае смецце і абрэзаныя галіны, падрыхтаваныя да спальвання. У некаторых выпадках будучы касцёр быў уладкаваны даволі небяспечна – паблізу гаспадарчых пабудоў і жылых дамоў.
Падчас правядзення рэйду работнік МНС Іна Карпіла ў чарговы раз нагадвала жыхарам вёсак Вялікія і Малыя Якавічы, Арабнікі, Парасляны, Жадзены, дзе мы пабывалі, пра неабходнасць захавання правілаў пры раскладцы кастроў і прыводзіла прыклады з тых сітуацый, калі гэтыя супрацьпажарныя правілы парушаліся. Парады тычацца як мінімальнай адлегласці ад агню (10 м да будынка, 20 м ад лесу і 30 м – ад грубых кармоў), так і пільнай увагі за працэсам спальвання. Побач з кастром трэба трымаць ёмістасць з вадой і садовы інвентар, каб своечасова зрэагаваць на іскры з кастра. Да таго ж нельга спальваць смецце ў тыя дні, калі на двары моцны вецер.
У некаторых выпадках гаспадарам даводзілася інфармацыя і пра адказнасць за спальванне сухой расліннасці, а таксама пра развядзенне кастроў у забароненых месцах. Згодна з арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжана адказнасць за спальванне раслінных рэшткаў на корані або за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў у выглядзе штрафу да 40 базавых велічынь, а за распальванне кастроў з парушэннем устаноўленых норм, згодна з арт. 15.58, можна быць аштрафаваным на суму да 12 б.в. Таксама заканадаўствам за падобныя парушэнні прадугледжана і крымінальная адказнасць, калі ў выніку ўзгарання быў прычынены ўрон маёмасці.
У дадатак прадстаўнік МНС нагадала грамадзянам аб небяспецы самастойнага тушэння пажару, пра які варта неадкладна паведамляць па тэлефонах 101 або 112.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік