Вторник, 5 ноября 2024

Карэспандэнты адправіліся ў ААТ «Шані-аграпрадукт» і паглядзелі, як ідзе ўборка люцэрны

565

Нарыхтоўка кармоў — справа адказная. Пра гэта добра ведаюць у ААТ “Шані-аграпрадукт”. У гаспадарцы разумеюць, што ад таго, як спрацуюць цяпер на нарыхтоўцы травяных кармоў, залежаць і будучыя надоі малака, і тое, як будзе праходзіць зімоўка буйной рагатай жывёлы. У сельгаставарыстве поўным ходам ідзе ўборка зялёнай масы першым укосам. У гэтым карэспандэнты “раёнкі” ўпэўніліся, калі наведалі гаспадарку ў панядзелак.

На ўборцы люцэрны каля аг.Шані задзейнічаны Барыс Гардзяйчук на кормаўборачным камбайне “Джон Дзір 8300” і Валерый Чыбісаў на “МАЗе”.

У гэты дзень работы па ўборцы люцэрны вяліся недалёка ад аграгарадка Шані. Гэтая культура — адзін з лепшых вітамінізаваных кармоў для жывёлы, які дае магчымасць не толькі павысіць надоі, але і якасць малака. Як расказаў начальнік участка № 2 Мікалай Пекун, люцэрна размешчана ў гаспадарцы на 300 га. У сельгаставарыстве стараюцца закладваць яе пад сянаж.

На пытанне, як наогул справы ў ААТ “Шані-аграпрадукт” з нарыхтоўкай зялёнай масы, Мікалай Аляксеевіч адказаў, што на панядзелак бягучага тыдня скошана травяных кармоў першым укосам на плошчы 1087 гектараў пры плане 2200 га (49,4 %).

Канечне, свае карэктывы ў работу ўносіць надвор’е, якое апошнім часам не вельмі ўстойлівае. Калі гаварыць пра ўборку, то па факце гэтая работа на панядзелак была праведзена на 649 га (59,7 % да скошанага). На ўсіх палетках, на якіх праведзены адпаведныя работы, уносяцца мінеральныя ўгнаенні для наступнага ўраджаю (карбаміда-аміячная сумесь).

Ідзе трамбоўка сянажнай масы.

У гаспадарцы прытрымліваюцца традыцыйнага захоўвання сенажу і сіласу — у траншэях. З першага ўкосу плануюць нарыхтаваць 15 тыс. т сенажу, у тым ліку 1 тыс. т у палімернай плёнцы. Усяго ж запланавана закласці 28000 т сенажу (на 06.06 – 5,9 %) і 39000 т сіласу (на 06.06 – 4,3 %). Мікалай Пекун упэўнены, што гэтага будзе дастаткова, каб пагалоўе буйной рагатай жывёлы не адчувала дэфіцыту кармоў.

Зразумела, немалаважным фактарам у гэтай рабоце, ды і наогул у жыцці любой гаспадаркі, з’яўляюцца людзі. Па словах Мікалая Аляксеевіча, у таварыстве ёсць касцяк з працаўнікоў у розных галінах дзейнасці, таму можна разлічваць на тое, што «зялёнае жніво» пройдзе хуткімі тэмпамі і якасна. Сапраўды, мы бачылі, як адзін за адным на палетак з люцэрнай пад‘язджала пяць “МАЗаў”, якія загружаў кормаўборачны камбайн “Джон Дзір 8300”. За дзень уборка праводзіцца на 120 га.

Трамбоўкай сянажнай масы займаецца на трактары “К-700” Ігар Гержый.

Гледзячы на азарт, з якім кожны працаўнік ААТ “Шані-аграпрадукт” займаецца сваёй работай, з‘яўляецца ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца і таварыства здолее яшчэ больш узвысіцца па прывагах і надоях. Удачы!

У нумары нашай газеты за 8 чэрвеня на 2-й старонцы вы можаце знайсці інфармацыю ад райсельгасхарчу аб ходзе сельгасработ у гаспадарках Пружаншчыны.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік