Среда, 6 ноября 2024

Карэспандэнты адправіліся ў ААТ «Шані-аграпрадукт» і даведаліся, як ідзе сяўба цукровых буракоў

431

У 2023 годзе ў нашай краіне павялічаны плошчы пад сяўбу цукровых буракоў – да 101,7 тыс. га. Плануецца вырабіць 5 мільёнаў тон салодкіх караняплодаў, каб загрузіць магутнасці цукровых камбінатаў і заводаў. Свой уклад у агульную справу па вырошчванні цукровых буракоў уносіць і наш раён. Чатыры гаспадаркі: ААТ «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Велікасельскае Агра» і «Шані-аграпрадукт» – у бягучым годзе засеюць сельгаскультурай 1300 га. На 14 красавіка было асвоена 48,5% ад агульнай плошчы.

Галоўны аграном Таццяна Наджафава абмяркоўвае працэс сяўбы цукровых буракоў з  механізатарам Уладзімірам Шаркотам.

У ААТ «Шані-аграпрадукт» пад дадзеныя караняплоды адведзена 350 га, палетак у 137 га размешчаны адразу за аг. Шані. Як расказала галоўны аграном таварыства Таццяна Наджафава, сёлета пачатак сяўбы цукровых буракоў стрымлівала надвор’е з вялікай колькасцю ападкаў і халаднаватымі днямі. А для гэтага віду работ глеба павінна прагрэцца да +8 градусаў, інакш насенны матэрыял можа папросту загнісці, і на добры ўраджай, зразумела, тады разлічваць не прыйдзецца. Канечне, у тэрміны правялі падрыхтоўку глебы, унеслі камбінаваныя ўгнаенні: азот, фосфар і калій. Яны станоўча ўплываюць на рост цукровых буракоў.

На вышэйназваным палетку ў пары працавалі два механізатары на трактарах «Беларус 82.1» з айчыннай сеялкай СМН-12 і нямецкай «МЕГА-3». Гэтым пасяўным агрэгатам больш за 10 гадоў, але пры належным тэхнічным  абслугоўванні яны яшчэ столькі ж праслужаць. Жыць днём сённяшнім і рабіць заклад на будучае – умова поспеху добрага гаспадара, таму ў бягучым годзе ў таварыстве плануецца набыццё новай тэхнікі.

Для сёлетняй пасяўной, па словах галоўнага агранома гаспадаркі, абралі замежныя гібрыды дацкай селекцыі і для апрабавання ўзялі насенне буракоў з Расійскай Федэрацыі. На 1 га зрасходуецца 1,3 пасяўной адзінкі (да ведама, адна адзінка – 100 тыс. штук насення). За дзень удаецца засяваць да 25 га, хуткасць тэхнікі складае 5 км/г. Справа патрабуе акуратнасці і няспешнасці.  

Пагутарылі і з непасрэднымі ўдзельнікамі пасяўной кампаніі. Механізатар Уладзімір Шаркота ўжо 25 гадоў задзейнічаны на гэтай важнай рабоце, ад якой залежыць немалая частка прыбытку таварыства. На пытанне карэспандэнтаў аб умовах працы Уладзімір Іосіфавіч адказаў, што на дадзены момант усё спрыяе сяўбе: сонейка прыгравае, тэхніка спраўная, кормяць добра, пры паломцы тэхнікі запчасткі дастаўляюцца аператыўна.

Трактарыст-машыніст Андрэй Макарэвіч.

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Андрэй Макарэвіч у гаспадарцы ўсяго месяц. Кіраўніцтва ААТ «Шані-аграпрадукт», даручаючы важную работу маладым, робіць разлік на тое, што заўсёды трэба рыхтаваць змену вопытным працаўнікам і ў той жа час даваць магчымасць праявіць сябе, паказаць свае здольнасці і жаданне працаваць. Андрэй Уладзіміравіч не шкадуе аб тым, што ўладкаваўся ў сельгаставарыства: гэта трывалая гаспадарка са спецыялістамі, якія ведаюць сваю справу. У ААТ «Шані-аграпрадукт» арганізавана дастаўка работнікаў на месца працы і іх адвоз дадому (механізатар жыве ў Пружанах). Кормяць смачна, сытна, меню рознабаковае. Зарплата таксама годная.

Работнікі гаспадаркі задаволены ўмовамі працы, надвор’е змяніла гнеў на ласку, тэхніка абслужана і не падводзіць. Застаецца толькі ўсе гэтыя акалічнасці выкарыстаць з выгадай падчас сяўбы цукровых буракоў і спадзявацца на добры ўраджай.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік