Працай і жывём — скажуць вам земляробы. І праўду скажуць. Нялёгкай працай, але такой важнай і патрэбнай кожнаму з нас і краіне ў цэлым. Ездзячы па палетках у любую пару года, бачыш, што часам і злуюцца мужчыны на сваю работу, толькі не перастаюць яе выконваць, праз мінуту пераводзяць злосць у працоўнае рэчышча, яшчэ з большым імпэтам аруць, сеюць, убіраюць. Разумеюць, што праца на зямлі заўсёды патрабуе вялікіх сіл, сялянскай цягавітасці і любові да таго, чым займаешся.
Не выключэнне і сённяшняя вясна з яе чарговай сяўбой. Зноў «бегаюць» па палетках трактары з плугамі, баронамі, сеялкамі. Як і сто гадоў таму кладзецца ў глебу зерне, жыве хлебароб надзеяй аб будучым шчодрым ураджаі.
Наша Пружаншчына таксама не здае тэмпаў у пасяўной кампаніі. На панядзелак бягучага тыдня на 95% адсеялі авёс, ячмень — на 67%, 64% далі па трыцікале. Амаль усе гаспадаркі раёна прыступілі да сяўбы зернебабовых, плошча якіх складае 3378 га. У іх ліку і ААТ «Мурава».
У гаспадарцы пад апошнюю сельгаскультуру адведзена 170 га. Каля аг. Мурава знаходзіцца палетак у 130 га, на якім і праводзілася сяўба на пачатак тыдня. Што да гатункаў, то, як расказаў галоўны аграном ААТ «Мурава» Юрый Гарустовіч, у сельгаставарыстве 90-100 га плануецца засеяць зернебабовымі ў чыстым выглядзе. Для гэтага выкарыстоўваецца гарох «юбілейны» — суперэліта і эліта, «прэзент» і «спрынт» — рэпрадукцыя Р-2 (гадавальнік размнажэння другога года). Пасля збору ўраджаю гэтыя зернебабовыя плануюцца да рэалізацыі, акрамя тых, што мяркуюць пакінуць у гаспадарцы для асабістых патрэб. Астатнія 70-80 га — плошчы пад зернебабовыя сумесі, якія будуць выкарыстаны на кармавыя мэты сельгаставарыства.
Увесь насенны матэрыял зернебабовых у ААТ «Мурава» кандыцыйны і пратручаны. А гэта ўсё ж такі хімія. Прыемна было бачыць, што і трактарыст-машыніст Яўген Улезла, і вадзіцель на падвозе Мікалай Пекун былі ў рэспіратарах падчас выканання асноўнай работы. Здароўе згубіць можна на раз, але потым знайсці яго цяжка. Важна, што гэта разумеюць усе работнікі гаспадаркі, хто задзейнічаны ў пасяўной кампаніі.
Як жа ідзе сяўба? Ды як звычайна, без лішніх слоў. Трактар «Беларус 3022 ДЦ.1» у счэпцы з сеялкай «АМАЗОН Цырус 6003-2с», якую набылі ў жніўні мінулага года, робяць калі не цуды, то ўжо ж са сваёй задачай спраўляюцца на 100 %. Канечне, не апошнюю ролю адыгрывае і механізатар Яўген Улезла, які з усёй сур’ёзнасцю адносіцца да даручанай справы. І па норме высеву: 1,3 мільёны зярнятак на 1 га, калі перакласці на вагу — гэта 400 кг. Толькі б яны дружна ўзышлі і парадавалі земляробаў багатым ураджаем!
Настаўнік сее вечнае і разумнае ў сваіх вучнях, закладвае ў іх душах зярняткі добрага і светлага. Хлебароб сее вечнае і надзённае, закладвае ў зямельку зярняткі нашага дабрабыту і дастатку. Няхай жа за сваю працу нашы сельскія працаўнікі будуць у поўнай меры ўзнагароджаны павагай, гонарам і цёплымі словамі.
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік